Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
#Маяпершаякамунія: сведчанне біскупа Пінскага Антонія Дзям'янкі
Беларусь
17.05.2017 16:05

У новым праекце #маяпершаякамунія Catholic.by публікуе ўспаміны пра Першую святую Камунію беларускіх іерархаў і вернікаў. Перачытваючы сведчанні, можна ўбачыць цэлыя пакаленні і асаблівасці таго часу — таго, як развіваўся Касцёл у розныя гады.


Сёння сваю гісторыю расказвае біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка.

а «На рэзурэкцыю мы не пайшлі, бо правяраючыя, пабачыўшы дзяцей, маглі забараніць пробашчу служэнне»

«Першую святую Камунію я прыняў у Вялікі чацвер 1967 года ў касцёле ў Дзераўной на Стаўбцоўшчыне. Гэта быў час ганенняў на Касцёл і святары не мелі дазволу ад дзяржаўных структур, каб весці катэхетычную падрыхтоўку дзяцей і моладзі да Першай Камуніі.

Але святары клапаціліся пра тое, каб бацькі самі перадалі дзецям неабходныя веды на тэму споведзі і Камуніі.

Катэхізіс з інфармацыяй для падрыхтоўкі да Першай Камуніі на друкаванай машынцы падпольна рыхтавала Анеля з Гродна. Гэтыя кніжыцы былі прызначаны для дзяцей з Беларусі, Літвы і Украіны.

Пры нашай парафіі дапамага Уршуля Карневіч з в. Ніўнае. Незамужняя жанчына сярэдніх гадоў. Разам са сваёй роднай сястрой Янінай яна прымала ў нас экзамены і правярала веданне Катэхіза. Гэтыя сёстры, верагодна, належалі да Трэцяга францішканскага закону свецкіх (тэрцыярыяў).

Пасля здадзенага намі экзамена пробашч прыняў нас да споведзі. Падчас Імшы Вячэры Пана разам са старэйшай сястрой Тарэсай я прыняў св. Камунію.

З татам і парафіянамі мы ўдзельнічалі ў адарацыі пры цямніцы Пана да самай апоўначы. А зранку а восьмай гадзіне ўжо ішлі ў школу.
У Вялікую пятніцу мы засталіся на адарацыю пры Гробе Пана да чацвёртай гадзіны ўначы. А вось на рэзурэкцыйную Імшу тата нас не пусціў, бо баяўся, што ў касцёле будуць дзяжурныя ад уладаў. Калі б нас пабачылі, то маглі б пазбавіць пробашча права на правядзенне набажэнстваў.

Такое здаралася з папярэднімі душпастырамі — канонікам кс. Станіславам Мілкоўскім, які быў пазбаўлены дазволу на служэнне і апошнія гады перад смерцю не меў права цэлебраваць літургію, і кс. Антоніем Шубздам, які на працягу сямі гадоў вымушаны быў працаваць у адным з калгасаў Віцебшчыны на паляводстве.

Наш пробашч кс. Люцыян Хмялёвец таксама у свой час на тры гады за сваю актыўнасць быў пазбаўлены права служэння ў касцёле ў Канстанцінаве.

Улады безвынікова рабілі спробы апаганіць святыню, прыстасаваўшы яе пад склад. Даходзіла нават да бойкі паміж атэістамі і вернікамі, але святыню парафіяне адстаялі. Затое пробашч быў пакараны на тры гады без права цэлебрацыі набажэнстваў, спазнаў маральны здзек з боку ўладаў і быў адпраўлены на служэнне ў іншы раён вобласці.

«Тата перадаў нам традыцыю шанавання першых пятніц месяца»

Тата клапаціўся, каб пасля Першай Камуніі мы з сястрой практыкавалі дзевяць першых пятніц месяца, прыступаючы да споведзі і да Камуніі.

Выглядала гэта так: падчас летніх канікул мы ішлі з сястрой да таты на працу, дзе ён чытаў нам з малітоўніка рахунак сумлення, затым Малітву перад і пасля споведзі, Малітву перад св. Камуніяй. Затым мы беглі дамоў пераапранацца ў святочнае адзенне — праз луг, праз рэчку — і пешшу за тры кіламетры ішлі ў касцёл, прыступалі да споведзі, удзельнічалі ў Імшы і прымалі Камунію.

Чытайце таксама:

Пасля касцёла тата зачытваў нам Малітву пасля прыняцця Камуніі і дапамагаў, калі была патрэба, у выкананні вызначанай пакуты. Тата прыгадваў, як няпроста было выконваць практыку першых дзевяці пятніц у гады вайны.

Першыя пяць пятніц ён практыкаваў у касцёле ў Дзераўной, але ў ліпені 1943 года гітлераўцы забілі пробашча кс. Паўла Должыка... На апошнія чатыры пятніцы месяца тата даязджаў у касцёл у Хатава, пераадольваючы шлях у 10 км. Але ў студзені 1944 г. людзі з гестапа са Стоўбцаў моцна збілі кс. Люцыяна Хвецьку, які ў хуткім часе памёр ад пабояў...

Тата вельмі адказна ставіўся да споведзі ў дзевяць першых пятніц месяца. І нагадваў нам пра тое, што той, хто выконвае практыку, перад смерцю будзе мець ласку споведзі і Віятыка (Камунія для паміраючага).

І сапраўды, як прыгадвала мама, перад смерцю таты ў чэрвені 1980-га, прадчуваючы свой блізкі спачын, ён сапраўды меў такую магчымасць і адпаведна рыхтаваўся да апошняй у жыцці споведзі і Камуніі. Да нас тады прыбыў святар з Віятыкам, што ў тыя часы было няпроста, і ўдзяліў тату яго апошнія сакрамэнты...

Тата зрабіў вялікі ўнёсак у наша з сястрой рэлігійнае выхаванне. Сястра Тарэса ўступіла ў супольнасць бэнэдыктынак і сёння жыве ў Вільнюсе».

Апрацаваў І. Лапато, фота з архіва Catholic.by

Ад рэдакцыі: А якой была першая Камунія ў Вас? Дасылайце свае гісторыі на Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript і дзяліцеся імі пад хэштэгам #маяпершаякамунія ў сацыяльных сетках і чытайце гісторыю Касцёла з першых вуснаў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.