Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Для ўдзельнікаў агульнабеларускай пілігрымкі на Святую Зямлю адбылася Імша на Полі пастухоў
Беларусь
22.06.2014 12:43

Раніцай 22 чэрвеня ўдзельнікі агульнабеларускай пілігрымкі на Святую Зямлю сабраліся на Імшы на так званым Полі пастухоў – месцы, дзе анёл аб’явіў пастухам аб нараджэнні Збаўцы ў Бэтлееме. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Першая група пілігрымаў з Беларусі, якія прыбылі на асвячэнне мазаікі абраза Маці Божай Будслаўскай, што адбудзецца 27 чэрвеня ў базыліцы Звеставання ў Назарэце, прыляцела ў Тэль-Авіў увечары 21 чэрвеня.

У гаміліі падчас Імшы Мітрапаліт, разважаючы над чытаннем Евангелля на ХІІ Звычайную нядзелю, засяродзіў увагу на тым, што Езус Хрыстус звяртаецца да сваіх слухачоў з заклікам: “Не бойцеся”. “Не бойцеся тых, хто забівае цела, але тых, хто забівае душу, - гэтыя словы Езуса з'яўляюцца пасланнем усім народам усіх часоў”, - адзначыў іерарх.

“Мы баімся за сваё жыццё, таму сцеражэмся ўсялякіх небяспек. Кажучы, каб мы не баяліся тых, хто забівае цела, Езус не жадае смерці чалавека - Ён толькі хоча сказаць, што трэба звяртаць увагу на тых, хто забівае душу, і супрацьстаяць гэтаму. Слава Бога – гэта жывы чалавек, жывы целам і душою, - нагадаў арцыпастыр. - Касцёл у сваім сацыяльным вучэнні бароніць як ненароджанае, так і народжанае жыццё. Бароніць ён і духоўнае жыццё”. Справа захавання духоўнага жыцця, па словах Мітрапаліта, “вельмі актуальная ў наш час, калі секулярныя тэндэнцыі нішчаць духоўнае жыццё і вядуць не да Бога, які ёсць Даўцам кожнага жыцця, але ад Бога”.  

Арцыбіскуп падкрэсліў, што пілігрымы знаходзяцца ў асаблівым месцы – на Полі пастухоў, дзе 2 тысячы гадоў таму “над светам прагучалала радасная вестка: Анёл абвясціў пастухам, што ў горадзе Давідавым, у Бэтлееме, нарадзіўся Збаўца свету, якога чалавецтва чакала ад пачатку сваёй гісторыі”. “Менавіта тады анёл звярнуўся да пастухоў з тымі ж словамі, якія мы чуем у сённяшнім Евангеллі: "Не бойцеся". Не бойцеся, бо я абвяшчаю вам радасную вестку аб нараджэнні Збаўцы. Гэтую вестку Касцёл абвяшчае ўжо 2 тысячы гадоў, аднак свет яе не заўсёды ўспрымае, - дадаў іерарх. - Свет як быццам баіцца яе, жадае жыць сваімі ідэямі, але не Божымі, што вядзе да незлічоных трагедый”.

“Пастухі паслухалі анёла і пабеглі ў Бэтлеем, каб пакланіцца нованароджанаму Збаўцу. А як паступаем мы? Ці заўсёды спяшаемся ў наш Бэтлеем, у касцёл на святую Імшу, каб быць сведками Нараджэння Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі? Ці захоўваем Божы закон, як гарантыю таго, што Езус жыве ў нашых сэрцах? Ці спяшаемся да патрабуючых матэрыяльнай і духоўнай дапамогі, каб такім чынам прынесці Збаўцу ў сэрцы людзей? Такіх і падобных пытанняў мы можам задаць шмат. На іх трэба адказаць, бо ад гэтага будзе залежаць наша як асабістая, так і грамадская будучыня. Поле пастухоў – гэта пачатак абвяшчэння Добрай Навіны аб Езусе”, - адзначыў Мітрапаліт.

Арцыпастыр заклікаў удзельнікаў Імшы да таго, каб іх жыццё было пастаянным “Полем пастухоў”, каб яны не затыкалі сваіх вушэй на голас Касцёла аб прышэсці праз яго служэнне Хрыста. Таксама іерарх заахвоціў браць прыклад з пастухоў і “спяшацца на сустрэчу з Езусам - гарантам нашага шчасця”.

У агульнабеларускай пілігрымцы на Святую Зямлю на асвячэнне мазаікі абраза Маці Божай Будслаўскай удзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх дыяцэзій Беларусі. Устаноўка і асвячэнне мазаікі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай у Назарэце – праект, зацверджаны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Гэтая падзея ўзбагачае юбілей 400-годдзя прыбыцця ў Будслаў цудатворнага абраза Маці Божай, які ўрачыста святкаваўся ў мінулым годзе.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.