Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал П’етро Паралін на прэс-канферэнцыі: Беларусь можа служыць мадэллю для свету, які пакутуе ад канфліктаў
Беларусь
14.03.2015 17:54

«Беларусь можа стаць прыкладам гарманічнага суіснавання прадстаўнікоў розных культурных і рэлігійных традыцый. Я думаю, што яна можа служыць мадэллю для нашага свету, які пакутуе ад канфліктаў», – адзначыў Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка кардынал П’етро Паралін у ходзе прэс-канферэнцыі, якая адбылася 14 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Кардынал расказаў, што ў ходзе яго сустрэч з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнай улады Беларусі 13 сакавіка абмяркоўваліся «тэмы міжнароднага парадку дня, якія з’яўляюцца найбольш блізкімі сэрцу Святога Пасаду, – сярод іх у першую чаргу, канешне, сітуацыя ў блізкай Украіне».

Іерарх дадаў, што абмяркоўваліся таксама пытанні адносін паміж Касцёлам і дзяржавай, двухбаковыя адносіны паміж Беларуссю і Ватыканам. «Гэтыя пытанні, як правіла, абмяркоўваюцца і вырашаюцца непасрэдна Канферэнцыяй Біскупаў канкрэтнай краіны, але ў выпадку візітаў прадстаўнікоў кіраўніцтва Ватыкана яны знаходзяцца ў цэнтры абмеркаванняў з органамі дзяржаўнай улады. Вырашаюцца яны таксама і праз Апостальскую Нунцыятуру», – адзначыў Дзяржаўны Сакратар.

Кардынал паведаміў, што на яго сустрэчах з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнай улады ў папярэдні дзень гаварылася таксама пра стварэнне ў Беларусі каталіцкай тэалагічнай акадэміі, «задачай якой будзе падрыхтоўка каталіцкага духавенства і, адпаведна, выпрацоўка адэкватных інструментаў іх падрыхтоўкі».

Яшчэ адной тэмай, пра якую ішла гаворка, былі, па словах кардынала П’етро Параліна, адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі. «Прадстаўнікі дзяржаўнай улады распавялі пра той гарманічны і пазітыўны клімат, які існуе паміж гэтымі дзвюма супольнасцямі, і неабходнасць падтрымкі такога балансу ўзаемаадносін у беларускім грамадстве, – сказаў Дзяржаўны Сакратар Папы. – І ў гэтым сэнсе правільна казаць, што Беларусь можа стаць прыкладам гарманічнага суіснавання прадстаўнікоў розных культурных і рэлігійных традыцый. Я думаю, што яна можа служыць мадэллю для нашага свету, які пакутуе ад канфліктаў – калі гэтыя адрозненні замест таго, каб станавіцца крыніцамі ўзаемнага ўзбагачэння, становяцца крыніцамі варожасці і насілля».

«Таму Беларусь, думаю, павінна працягваць адыгрываць гэтую ролю, і з боку Святога Пасаду гэтая роля заўсёды будзе карыстацца падтрымкай – таксама і з улікам геаграфічнага становішча Беларусі, яе ролі як вядучага звяна паміж Усходам і Захадам», – дадаў кардынал.


 
(AG)
Фота Віталія Палінеўскага

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.