Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал П’етро Паралін: Ёсць магчымасць заключэння пагадненняў паміж Беларуссю і Ватыканам па асобных напрамках узаемадзеяння
Беларусь
14.03.2015 18:53

«Канкардат з’яўляецца вышэйшай формай пагадненняў, якая рэгулюе ўсе бакі ўзаемаадносін. Але можна казаць таксама пра магчымасць заключэння пагадненняў па асобных напрамках узаемадзеяння», — паведаміў Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка кардынал П’етро Паралін падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла 14 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Кажучы аб тым, на якім этапе зараз знаходзіцца падрыхтоўка канкардата паміж Беларуссю і Ватыканам, кардынал адзначыў: «Падрыхтоўка канкардата ў дарозе». Гэтае пытанне, па словах іерарха, абмяркоўвалася таксама падчас яго ўчарашніх сустрэч у дзяржаўных органах Беларусі, і гаворка ішла пра магчымасць заключэння пагадненняў паміж урадам Рэспублікі Беларусь і Святым Пасадам па рэлігійных пытаннях, якія ўяўляюць сабой агульныя інтарэсы.

«З нашага боку ёсць гатоўнасць рухацца ў гэтым накірунку, і я ўпэўнены, што заключэнне такога пагаднення дазволіць урэгуляваць менавіта такія рэлігійныя пытанні, якія ўяўляюць сабой агульны інтарэс», — дадаў Дзяржаўны Сакратар Папы.

«Я сказаў пра важнасць гэтага пытання, але формы дасягнення гэтай мэты могуць быць розныя. Канкардат з’яўляецца вышэйшай формай такіх пагадненняў, якая рэгулюе ўсе бакі ўзаемаадносін. Можна казаць таксама пра магчымасць заключэння пагадненняў па асобных напрамках узаемадзеяння — Святы Пасад адкрыты на дыялог. Могуць быць таксама больш абмежаваныя, спецыфічныя дамоўленасці: напрыклад, гаворка можа ісці не пра міжнародныя дамоўленасці, а пра дамоўленасці паміж Канферэнцыяй Біскупаў і ўрадам па асобных пытаннях», — патлумачыў кардынал.



 

Дзяржаўны Сакратар падкрэсліў, што «гэтае імкненне да заключэння пагаднення з боку як Святога Пасаду, так і Канферэнцыі Біскупаў прадыктавана жаданнем прынесці большую карысць беларускаму грамадству – таму што ў сітуацыі, калі ўрэгуляваны адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай, ёсць лепшая магчымасць для ўсіх вернікаў жыць і дэманстраваць сваю веру».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.