Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Асвячэнне велікодных страваў: і ягнятка ў кошык абавязкова пакладу
Беларусь
05.04.2015 00:11

«Ягнятка белае кладзем зверху і апошнім, калі ў велікодным кошыку ўжо ўсё складзена: і вяндлінкі кавалак, і калбасы "пальцам пханай" скрылёк, і хлеба луста, і соль, і кавалак булкі, як казала мая бабуля, "на дражджах", ды чырвоныя, ці цыбульнага колеру, ці ўжо часцей розных колераў яйкі», — кажа Ганна Казіміраўна, трымаючы ў руках прыгожы, невялічкі кошык, на якім ужо зіхацяць кроплі асвячонай вады.

Стравы ў Вялікую суботу асвячалі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

«А ў мяне да ўсяго гэтага яшчэ і хрэн ёсць, падфарбаваны бураком, да мяса кавалачку белага, каб спарней і хутчэй ішло за сталом», — кажа ўсмешлівая і ружовашчокая Галіна Станіславаўна, што прыбегла на асвячэнне страў крыху пазней, але яшчэ паспела на той час, калі ў парафіі яйкі прыехаў асвячаць Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.


«Складвала кошык, аж баранка не магла знайсці, а гэтую белую скульптурку ўнучкі мне прывезлі ў падарунак, каб у сваю свянцонку ставіць. Гэты ж баранак, ягнятачка белае і малое, самога Хрыста азначае, якога, як авечачку слабую, забілі, ахвяру азначае», — дадае ўсхваляваная Галіна Станіславаўна.

«Езус пакорны і без віны, як гэтае ягнятка, забіты жорсткасцю і нянавісцю гэтага свету, несправядлівасцю і пагардай, прагай улады і грошай, як гэта зараз у беднай Украіне адбываецца, якая як тое ягнятка церпіць, яшчэ як церпіць (шморгае носам Ганна Казіміраўна і крыху маўчыць), як Езус, церпіць там просты народ, маткі церпяць, дзеці церпяць, сыны, мужы і бацькі, якія краіну сваю ў сэрцы берагуць, за якую душу б і жыццё аддалі, як Хрыстус за сяброў сваіх, а іх таўкуць за тое, што праўду сваю берагуць...

Баліць сэрца за суседскі народ, баліць, — дадае Галіна Станіславаўна, — але і там Хрыстус уваскрэсне, і там уваскрэсне, і скажуць адзін аднаму людзі: "Супакой вам».

«Праўда не можа не ўваскрэснуць, не можа на белым быць не заўважная кроў, кроў ахвяры, кроў раны і болю, але і кроў, якая азначае жыццё і перамогу, як яйка чырвонае, як сонца на світанку, як сэрца, якое жыве і пульсуе жыццём», — кажа Ганна Казіміраўна і змахвае са шчакі ці тое кроплю вады асвячонай, ці тое слязінку, паварочваецца да крыжа, узіраецца ў яго хвіліну і праціскаецца праз натоўп, які ўжо сабраўся на чарговае асвячэнне велікодных кошыкаў...

Галіна Станіславаўна яшчэ падыходзіць да грабніцы, ціхутка і асцярожна становіцца на правае калена, бо левае баліць, калі ўжо на яго стане, то сама і не здолее ўстаць... і ціха шэпча: «І ў нашай краіне ўваскрэсні, і ў суседняй, прыйдзі і ўваскрэсні, каб адчулі, які Твой супакой, каб адчулі мы Тваю волю і свабоду, Езу. Амэн...»


Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.