Маладая сям'я ў пілігрымцы: мамы і таты, не бойцеся ісці з маленькімі дзецьмі! |
Беларусь |
24.06.2015 13:03 |
Маладая сям'я Пазняк, тата Віталій і мама Аксана, а таксама іх сын Ян, якому год і 10 месяцаў, ідуць у пілігрымцы «Брэст-Баранавічы-Будслаў». У хлопчыка Яна гэтая пілігрымка ўжо другая па ліку, а ў мамы і таты - большы вопыт: Аксана ідзе ў 11-ты раз, а Віталій — у 14-ты. Некалькі парад для тых, хто яшчэ думае, ці ісці з маленькімі дзецьмі. «На жаль, мы не ідзем кожны дзень, бо праца гэтага не дазваляе, — паведамляе Аксана, — таксама, аказалася, і траса ў некаторых месцах зусім не была прыстасаваная для дзіцячага вазку. Мы ішлі па дарозе, дзе трава была вышэй за мяне! Дзіця і вазок трэба было несці каля 6 км». Сям'я пілігрымаў у гэтым годзе ўжо адолела шлях ад Пружан да Бярозы і з Івацэвіч да Лясной. Пазнякі спадзяюцца, што ад Баранавіч да Будслава пройдуць увесь шлях. Пілігрымка з маленькімі дзецьмі — складаная, але вартая таго, каб яе вытрываць! Таму першая парада ад бацькоў-пілігрымаў: не хадзіце невядомымі і новымі трасамі! Можна і не прайсці! Другая парада ад мамы Аксаны, якая ў мінулым годзе ішла з сынам Янам адна пілігрымкаю «Баранавічы-Будслаў»: «Маладыя мамы, бярыце ў пілігрымку мужа!» Потым, абавязкова трэба ўлічваць, што, калі дзённы кіламетраж вашай пілігрымкі — 35 км, то ў мамы з дзіцём ён можа дасягнуць і 60 км. Парада наступная: чым дзіця меншае — тым прасцей! Спяшайцеся, пакуль гэта грудное немаўля — у такім выпадку самая важная рэч, якую трэба будзе ўзяць, - гэта вы самі. Складаней, калі дзіця падрастае, але яшчэ само не ходзіць, а па натуры не вельмі спакойнае. У вазочку не ўседзіць, у слінгу таксама, ды і ў руках ахвотных дапамагчы паднесці таксама доўга не ўтрымаецца. У выпадку з такім дзіцём ісці варта, але галоўнае, што трэба ўзяць, — шмат цярпення. Таксама Аксана прыгадвае, што ў мінулым годзе з Баранавіч да Будслава наважыліся пайсці тры мамы з дзецьмі да 2 гадоў. Дайшлі добра. «Схадзіць з маленькім дзіцём у пілігрымку варта прынамсі адзін раз, — лічыць Аксана Пазняк, — прытым зараз існуе столькі розных варыянтаў. Напрыклад, пачаць можна з аднадзённай пілігрымкі руху сужэнскай духоўнасці “Equipes Notre-Dame”, у якую запрашаюцца не толькі яго ўдзельнікі, але і ўсе хрысціянскія сем'і». Адным словам, маладыя мамы і таты, хадзем да Маці Божай. Цярпенні і складанасці вартыя ўзнагароды. Аксана Ючкавіч Фота з сямейнага архіву Віталія і Аксаны Пазняк |
Фотарэпартаж |