Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святая Імша ў Будславе апоўначы: «Праз Марыю звяртацца да Божай міласэрнасці»
Беларусь
04.07.2015 04:18

“Сёння ў Будслаўскім санктуарыі мы становімся перад Той, якая ёсць прытулак грэшнікаў, з надзеяй, што Яна прывядзе нас да свайго Сына – Міласэрнага Езуса, які ўратуе нас ад усялякага жыццёвага шторму і прывядзе ў порт збаўлення”, - сказаў падчас святой Імшы апоўначы ў Будславе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Імшы папярэднічала ўрачыстая працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай.

Эўхарыстыю, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, канцэлебравалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія святары.


Мітрапаліт нагадаў у гаміліі, што з самых пачаткаў хрысціянства Божы народ адарыў Панну Марыю рознымі тытуламі, а зусім нядаўна Папа Францішак увёў у Ларэтанскую літанію тытул Марыі Маці міласэрнасці, які адпавядае сёлетняй пастырскай тэме навяртання і дэвізу будслаўскіх урачыстасцяў: “Марыя – прытулак грэшных”.

“Бо хто з нас без граху? Гэта рэчаіснасць нашага жыцця. Аднак пры гэтым трэба памятаць аб тым, што зграшыць – гэта па-чалавечы, але трываць у граху – гэта ўжо д’ябальская справа. Трэба памятаць і аб тым, што мы змагаемся з грахом, а не з чалавекам, бо ён заўсёды мае магчымасць навярнуцца”, - звярнуў увагу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

“Будучы нашай духоўнай Маці, Марыя з’яўляецца пасрэдніцай усіх ласкаў, і таму мы да Яе прыбягаем у нашых патрэбах”, - падкрэсліў арцыпастыр. Мітрапаліт прыгадаў, што святая Гертруда аднойчы мела бачанне Марыі, у полах плашча якой знаходзіліся розныя дзікія звяры. Марыя іх не праганяла і нават гладзіла. Святая Гертруда зразумела, што гэтымі дзікімі звярамі з’яўляюцца бедныя грэшнікі, якіх Марыя прымае з любоўю.

“Прыбягаць з даверам да Марыі азначае праз Яе дазволіць Хрысту вызваліць нас ад граху, каб стаць на шлях святасці. На жаль, сучасны чалавек вельмі часта імкнецца вырашыць свае маральныя праблемы сваімі сіламі і без Божай дапамогі. Тады наступае трагедыя, бо гэтым самым чалавек адмаўляецца прыняць дармовае адпушчэнне грахоў і вярнуцца ў стан ласкі, - патлумачыў Мітрапаліт. - Марыя нікім не пагарджае і нікому не адмаўляе ў сваёй апецы. Святая Брыгіда кажа, што Марыя была б гатова выпрасіць ласку паяднання з Богам нават для д’ябла, калі б ён аб гэтым папрасіў, чаго, аднак, не дазваляе яму яго гонар”.

“Сёння ў Будслаўскім санктуарыі мы становімся перад абліччам нашай духоўнай Маці з асабістымі, сямейнымі і грамадскімі праблемамі. Становімся з надзеяй і даверам. Становімся перад Той, якая ёсць прытулак грэшнікаў, з надзеяй, што Яна прывядзе нас да свайго Сына – Міласэрнага Езуса, які ўратуе нас ад усялякага жыццёвага шторму і прывядзе ў порт збаўлення”, - сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Арцыпастыр падкрэсліў, што “ў кожны час гісторыі, асабліва ў наш час вялікіх культурных зменаў, калі людзі ўсё часцей жывуць так, як быццам Бога няма, перад абліччам зла, якое пануе ў сучасным свеце”, “неабходна праз Марыю звяртацца да Божай міласэрнасці”.

Мітрапаліт звярнуў увагу, што сярод пiлiгрымаў, якiя прыбылi на будслаўскiя ўрачыстасцi, ёсць i тыя, хто прыехаў роварам, а таксама ўсё часцей можна ўбачыць людзей на роварах у гарадах. Іерарх распавёў у сувязі з гэтым аб духоўнай сiмволiцы ровара. “Калi ровар едзе, то знаходзiцца ў вертыкальным становiшчы. Калi не едзе, то, натуральна, падае. Нешта падобнае ёсць i з чалавекам. Ён прызначаны для жыцця, у якiм павiнна быць не толькi гарызантальнае вымярэнне, гэта азначае клопат пра матэрыяльныя справы, але i вертыкальнае – а менавiта што таксама чалавек павiнен мець адносiны з Богам. Калi iх не будзе, то ён упадзе i апынецца ў грахоўным балоце. Таму нават ровар, такая простая машына, нагадвае нам пра Бога і заклiкае, каб мы ў сваім жыццi не стаялi, не задавальнялiся дасягнутым, але ехалi наперад, навярталiся і ўдасканальвалiся”, - патлумачыў арцыпастыр.

Мітрапаліт дадаў, што ў Будслаўскiм санктуарыi Панна Марыя “падтрымлiвала нас у цяжкiя гады ганенняў на Касцёл, i стаўся цуд, мы атрымалi свабоду веравызнання”, аднак “злы дух не спiць i выклiкi секулярызму пагражаюць нашай веры”. “Марыя, заступіся за нас перад Тваім Сынам i выпрасi нам ласку навяртання i ласку цуду жыцця паводле Ягонай волi, каб мы пастаянна ўдасканальвалiся, каб наша вера не слабела, а ўмацоўвалася, і каб наша Бацькаўшчына, Беларусь, сынамi i дочкамi якой мы з'яўляемся, была краiнай, дзе валадарыць Бог, i каб мы маглi з радасцю ўсклікаць: «На Беларусi Бог жыве i Беларусь жыве Богам»”, - з такімі словамі арцыбіскуп звярнуўся да Маці Божай.

На заканчэнне Імшы Мітрапаліт падзякаваў шматлікім пілігрымам, якія прыйшлі на гэтыя ўрачыстасці. Іх прыбыццё ў Будслаў арцыпастыр назваў “знакам адданасці Богу і знакам таго, што Касцёл у Беларусі жыве, умацоўваецца і расце”.

Нагадваючы, што Святое Пісанне называе Марыю благаслаўлёнай сярод усіх жанчын, Мітрапаліт звярнуўся да Маці Божай з наступнымі словамі: “Марыя, выпрасі ў Бога ласку, каб кожны жыхар нашай краіны сказаў Богу “так” і каб праз гэта наша краіна была благаслаўлёнай!”

Анастасія Грышан
Фота Аляксандры Шчыглінскай і Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.