Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Дазвольце сабе адпачыць у абдымках Божай Маці і верце ў Яе абяцанні»: завяршыліся ўрачыстасці ў Будславе
Беларусь
04.07.2015 14:54

Святой Імшой, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, завяршыліся 4 ліпеня ўрачыстасці ў Будславе. У гэтым годзе яны праходзілі пад дэвізам “Марыя – прытулак грэшных”.

Эўхарыстыю канцэлебравалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія святары.

На святых Імшах у Будславе ўначы і ўдзень прысутнічала 30-35 тысяч вернікаў.

Апостальскі Нунцый у гаміліі назваў прыбыццё пілігрымаў у Будслаў “вялікім наплывам радасці, які прайшоў па Беларусі”, “сярод цудоўнай прыроды, якая святочна апранулася, каб зрабіць яшчэ большым свята для людзей”.

Па словах арцыбіскупа, пілігрымы, якіх ён убачыў, “былі поўныя радасці, таму што адчувалі сябе збаўленымі”. “Для таго, хто верыць, няма абмежаванняў нават у смерці”, - дадаў Апостальскі Нунцый. Таксама, адзначыў іерарх, “пачуццё нянавісці, якое разбурае чалавецтва, не здольнае абмежаваць радасць таго, хто верыць”. “Збаўленне народа прыходзіць не з яго моцы – яно прыходзіць з моцы любові, – падкрэсліў арцыбіскуп. – І сіла веруючага народа ніколі не можа быць скавана, бо гэты народ любіць таксама тых, хто яго пераследуе”.

Кажучы пра Будслаў, прадстаўнік Папы адзначыў: “Тут ёсць Маці Божая, якая чакае ўсіх, увесь народ”. Яна, па словах іерарха, “не чакае апладысментаў, не чакае моцы” – “Яна ціха чакае”, каб сказаць: “Мой сын, мая дачка, Я тут, і Я тут для цябе”.

“Кожны з вас мае вобраз той беларускай маці, якая шмат пакутавала ў маўчанні і несла гэта з годнасцю да канца свайго жыцця”, - сказаў, звяртаючыся да сабраных вернікаў, арцыбіскуп. Па словах Апостальскага Нунцыя, Маці Божая “чакае, каб заахвоціць, скіраваць, сказаць: “Выйдзі, каб пачаць любіць, пачаць рухацца, пачаць будаваць сваю будучыню””; “Яна не кажа: “Дзеці, будзьце асцярожныя, бо невядома, з кім можна размаўляць, каму можна давяраць”, - Яна кажа: “Ідзі і плыві па гэтым моры, і нічога, што ты не ўмееш плаваць, - ты даплывеш””.

Як дадаў арцыбіскуп, у тыя часы, калі ўсё намагаліся знішчыць, Маці Божая заставалася ў Будславе, “чакаючы, калі народ вернецца да Яе”, - “і гэты дзень прыйшоў”.


Апостальскі Нунцый адзначыў, што Маці Божая, якая трымае ў руках маленькага Збаўцу, “трымае таксама кожнага са сваіх дзяцей, бо і мы маем удзел у Целе і Крыві Яе Сына”. “Паспрабуйце адчуць, што кожнага з вас нясе на руках Маці Божая Будслаўская, - заахвоціў іерарх удзельнікаў Імшы, – і паслухайце, што Яна кажа вам. Яна кажа: “Беларускі народ, ты супольнасць вернікаў. Будзь адважным і май веру ў будучыню. Было шмат цяжкасцяў у тваёй гісторыі, але працуй дзеля будучыні, намагайся, каб будучыня была лепшай”. Кожнаму з нас Яна кажа: “Паспрабуй выйсці з абшару твайго страху, паспрабуй нарадзіцца, каб жыць без яго”.

“Зірніце на вобраз Маці Божай, якая глядзіць на вас і кажа: “Гэтым позіркам вашы слабасці, вашы грахі вам дараваны”, – заклікаў арцыбіскуп. – Мы спытаем: “Як гэта магчыма?” І Яна адкажа: “Я – гарант гэтага, бо атрымліваю гэта ад Усемагутнага Бога”. Я запытаюся: “Як гэта магчыма, калі мой народ вельмі шмат пакутаваў?” Яна скажа: “Ты – не толькі памяць пра пакуты; ты падобны да цяжарнай жанчыны, якая носіць у сабе цудоўнае дзіця, што павінна нарадзіцца””.

“Ад імя Папы Францішка я хачу сказаць вам: дазвольце сабе адпачыць у абдымках Божай Маці і верце ў Яе абяцанні, – дадаў Апостальскі Нунцый. – І вы адчуеце, як Яна прытуляецца да вашага твару сваім тварам”.

“Калі б вы былі толькі сынамі цярпення – гэты пляц сёння не быў бы напоўнены людзьмі”, – падкрэсліў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. “Няхай “Будслаў” будзе іменем беларускай надзеі – сёння і назаўсёды!” – пажадаў прадстаўнік Святога Айца.


Пасля выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прачытаў Акт пакаяння на завяршэнне ўрачыстасцяў у Будславе. “Сёння, у Год навяртання і ў юбілей 25-годдзя аднаўлення пілігрымак, мы, свядомыя сваіх грахоў і адступленняў ад Бога, стаім перад Табой, Божая Маці Будслаўская – прытулак грэшнікаў, з жаданнем пакаяння за нашы грахі і грахі нашага народа, каб бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог вёў нас на шлях навяртання. Таму з надзеяй просім Яго, каб міласціва глянуў на наша пакаянне і аказаў нам сваю міласэрнасць, усклікаючы: Пане, змілуйся над намі! – гаворыцца між іншым у Акце пакаяння. – Пане Езу, прадстаўніцтвам Марыі – прытулку грэшнікаў – мы прыносім Табе гэта наша пакаянне і, даруючы ўсім, хто вінаваты перад намі, просім аб Тваім і тых, перад кім мы вінаватыя, прабачэнні, каб замест граху памножылася ласка (пар. Рым 5, 20) і каб ніхто не быў выключаны з абдымкаў Міласэрнага Бога”.

Адбылася таксама эўхарыстычная працэсія.

На завяршэнне ўрачыстасцяў да прысутных звярнуўся намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Віктар Сірэнка, павіншаваўшы вернікаў ад імя Мінскага аблвыканкама са святам, на якім яны сабраліся, і з 25-годдзем аднаўлення пілігрымкавага руху ў Беларусі. “Для нас вельмі важна, што ў гэтыя дні адзначаецца як свята гэтай нацыянальнай святыні, так і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь”, - сказаў Віктар Сірэнка і пажадаў усім дабра і здароўя. Намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч абмяняліся падарункамі.

Кіраўнік Аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, віншуючы прысутных ад імя Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі і вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы, адзначыў: “Маці Божая для нас з’яўляецца сапраўднай Маці, якая ўсіх нас, як сваіх родных дзяцей, сцеражэ і выхоўвае. Мы як Яе дзеці таксама павінны любіць адзін аднаго, бо спрэчкі, сутыкненні, якія бываюць паміж намі, раняць Яе сэрца”. “Будзем ісці па жыцці, каб быць годнымі Божага Валадарства”, - пажадаў святар.


Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў удзельнікам урачыстасцяў і ўсім, хто садзейнічаў іх правядзенню. Дзякуючы Апостальскаму Нунцыю за тое, “што, як прастаўнік Папы, дае нам новую надзею”, арцыпастыр папрасіў яго перадаць Святому Айцу, што “Бог не памёр у Беларусі – Бог жыве!”.

Дзякуючы ўсім вернікам, якія прыбылі ў Будслаў, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што іх пілігрымка была “сапраўднымі духоўнымі рэкалекцыямі”. “Гэтае свята злучыла ўсіх нас, учыніла адной сям’ёй”, - сказаў іерарх. “Тут, у Будславе, разлілося мора Божай ласкі. Няхай яно ўмацоўвае вашу веру, надзею і любоў! – пажадаў Мітрапаліт. – Не забудземся дарогі ў Будслаў, бо тут нас чакае Маці!"

Анастасія Грышан
Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.