Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Будслаў — імя надзеі і будучыні» і праз маладыя сем'і, што імкнуцца да Марыі
Беларусь
06.07.2015 13:33

“Мой сын, мая дачка, Я тут, і Я тут для цябе”, — прагучалі словы ў гаміліі на галоўнай Імшы ў Будславе 4 ліпеня.

Прыкладна такія ж словы, але ўжо звяртаючыся да Маці Божай, мог бы прамовіць кожны пілігрым: «Мая маці, я тут, і я тут для Цябе і дзеля Твайго Сына».

А пілігрымы, якія прыйшлі ў Будслаў усёй сям'ёй: татам, мамай, сынамі і дочкамі — могуць голасна прамовіць: «Мы тут, і мы тут для Цябе, якая трымаеш малога Сына на руках, трымаеш, як і мы сваіх дзетак». Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці пажадаў, каб слова "Будслаў" стала іменем надзеі для беларускага народа. А разам з надзеяй — і іменем будучыні. Будучыня ж моцнага народа і адважныя дзеці, якія здольныя жыць і працаваць згодна з сумленнем і "на хвалу Пана", найперш гартуюцца ў здаровых хрысціянскіх сем'ях.


Добрай ілюстрацыяй і надзеяй, што ў Беларусі ёсць сем'і, якія адкрыты на адносіны з Богам і Яго волю, стала першая пілігрымка сем'яў, арганізатарамі якой сталі ўдзельнікі руху “Equipes Notre-Dame”.

У гэтым годзе ў Будслаў увайшла пілігрымка, дзе разам ішлі маладыя сем'і, многія з якіх мелі трое і больш дзяцей. Колькасць пілігрымаў дасягнула 140 чалавек, а ўзначаліў самую маладую пілігрымку кс. Андрэй Сіповіч.

Прайшоўшы адлегласць ад Пузыроў (15 км) — пачатковага пункта — да санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, не як звычайныя пешыя пілігрымы — з заплечнікамі, але з дзіцячымі вазочкамі ды з маленькімі дзецьмі на руках, пілігрымы далі сведчанне, што беларускія хрысціянскіі сем'і ёсць, што яны выходзяць, каб сведчыць аб тым, што іх па жыцці вядзе Езус і Яго благаслаўленне.

Цікава, што самаму малодшаму пілігрыму было ўсяго 45 дзён: немаўля, адчуваючы сваё жыццё ўсяго месяц з паловай, ужо ўдыхнула паху пілігрымскай дарогі і пылу.

«Мы вырашылі, што хоць невялікую адлегласць можна прайсці ўсёй сям'ёй, нават з маленькімі дзецьмі», — адзначаюць арганізатары.

Асноўная колькасць сем'яў была з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, аднак і з іншых дыяцэзій таксама.

Гэта быў нетыповы пілігрымскі дзень. Спачатку ўсе сем'і даехалі да месца выйсця на аўтамабілях, пры тым тыя сем'і, якія не мелі аўтамабіляў, далучыліся да тых, хто меў.

Калі мамы і дзеці рыхтаваліся да выйсця, таты заехалі на аўтамабілях у Будслаў, адкуль іх дружную кампанію перавезлі зноў у в. Пузыры.

Наш абедні пасілак доўжыўся дзве гадзіны — каб сем'і, у якіх больш за трое дзяцей, паспелі накарміць малечу, а таксама і пазабаўляць праз інтэрактыўныя гульні, чытальню.


Дэвізам пілігрымкі былі словы «Крочым у Будслаў усёй сям'ёй!».

Падчас шляху пілігрымы маліліся на ружанцы, разважанні якраз былі адаптаваныя на тэму сям'і.

Як падзялілася Аліна Угорыч, падчас малітвы Ружанца быў цікавы момант, калі падчас таямніцы Укаранавання Езуса Хрыста цернем сужэнцам прапанавалі знайсці маленькі каменьчык і пакласці яго адзін аднаму ў абутак. Каменьчык - як асацыяцыя з крыўдамі, якія чыняцца ў сужэнстве.

Магчыма, як лічыць Аліна, гэты момант дапамог многім сем'ям у развагах над сваім сужэнскім жыццём, у якім не так лёгка ісці да святасці.

«Не так лёгка, але варта, каб нашы сем'і імкнуліся да дасканаласці, дзе б у сямейным жыцці хапала месца на тры словы, пра якія ўзгадваў нядаўна Папа Францішак: "Дазволь, дзякуй, прабач..." Для пілігрымаў у падарунак былі падрыхтаваны своеасаблівыя магніты з гэтымі "залатымі словамі" сямейнага жыцця», — адзначае Аліна.


Як дзеліцца думкамі кс. Андрэй Сіповіч, які суправаджаў пілігрымку, сучасным сем'ям важна быць разам у імкненні да святасці і ў сваім развіцці.

Падтрымка і прыклад іншых сем'яў дае радасць сем'ям, якія вырашылі ісці хрысціянскім шляхам па жыцці, дадае адвагі і ўпэўненасці.

«Я часта ў сваёй практыцы бачыў, што, калі людзі абіралі Езуса, часам страчваючы нейкія адносіны з аднымі людзьмі, то хутка знаходзілі нашмат большае і годнае ў зусім іншым», - кажа святар. Таксама кс. Андрэй заўважыў, што вельмі часта шлюб успрымаецца як узаконьванне адносін паміж мужчынам і жанчынай перад Богам, аднак гэтага вельмі мала, бо найперш шлюб павінен азначаць запрашэнне Езуса ў адносіны паміж ім і ёй, шлюб — гэта сакрамэнт, які даецца, каб ім карыстацца, а не класці на паліцу, ведаючы, што ён ёсць.

Менавіта тады, калі сем'і карыстаюцца гэтым сакрамэнтам, запрашаючы Езуса ў свае адносіны, яны могуць перажываць сапраўдную радасць сямейнага жыцця, дадае кс. Андрэй Сіповіч.


Падчас пілігрымкі да Маці Божай у Будслаў уваходзілі шчаслівыя сем'і, на вуснах і ў вачах якіх панавалі лёгкія і шчырыя ўсмешкі. «Вось і спаўняецца... воля Божая», - хацелася б дадаць, узгадваючы першую сямейную пілігрымку.

Хочацца пажадаць, каб і ў наступным годзе традыцыя працягвалася, колькасць удзельнікаў павялічвалася, а надзея мацнела.

Для тых жа сем'яў, якія б хацелі бліжэй пазнаёміцца з рухам “Equipes Notre-Dame”, а можа, і стаць часткай яго, будуць арганізоўвацца розныя сустрэчы. Больш падрабязную інфармацыю аб іх можна атрымаць па тэлефонах: +375 29 570 48 45 або +375 29 9682606 (Таццяна і Мікалай Меляшкевіч), а таксама на старонцы руху ў інтэрнэце: end.of.by.

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.