Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Свята ў рэдакцыйнай сям'і»: аплаткавая сустрэча Сatholic.by
Беларусь
23.12.2015 19:30

23 снежня, крыху апярэджваючы час, за працоўнымі абавязкамі, дапісваючы апошнія сказы ў публіцыстычны раздзел і навіну пра тое, як аплаткай падзяліліся ў Лідзе ці Бараўлянах, а, можа, як каталіцкія біскупы рыхтуюцца да Божага Нараджэння ў Нігерыі ці Чадзе, наша рэдакцыя падрыхтавала свой вігілійны стол, знайшла хвілінку на тое, каб самім папрасіць адзін у аднаго прабачэння і падзяліцца аплаткай і шчырым словам.

«А то часам пішам-пішам, як трэба, а ў сваёй рэдакцыйнай сям'і не заўсёды тое да канца выконваем», — такія размовы хадзілі сярод супрацоўнікаў.

«Ну слухайце, так не можа больш быць!» — прамовіў ксёндз Юрый Марціновіч, дырэктар.

«Так!» — нарэшце адзінагалосна, без спрэчак і прэтэнзій адказаў рэдакцыйны хор.

І так сталася, што і на мінскай вуліцы Кальцова, 153, у нашай рэдакцыі, загучалі калядкі, і ўрывак ад евангеліста-медыка (святога Лукі) пра перапіс насельніцтва, і словы прабачэння і радасці, і панёсся пах смачна прыгатаванай куцці і ўсіх тых 12 страў, якія рэдакцыйныя супрацоўнікі былі ласыя паспрабаваць.

З надыходзячымі святамі, дарагія! Спадзяемся, што пах куцці і 12 страў з нашага рэдакцыйнага стала, аплатка і нашае слова, якім стараемся наблізіць Божае Нараджэнне, дасягнуць вашых сем'яў і разварушаць ваш апетыт не толькі да вігілійнай вячэры, але і да смаку Божага Слова, якое ўцелавілася ў Немаўляці.

Добрых і радасных падрыхтовак, смачнай куцці і шчырасці!


Рэдакцыя Сatholic.by

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.