У Мар’інай Горцы святы Мікалай прыехаў да дзяцей на рэтра-матацыкле |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
28.12.2015 15:23 |
27 снежня ў парафіі Святога Антонiя ў Мар'інай Горцы зладзілі пастаноўку аб нараджэнні Дзіцяткі Езуса. Яна была выканана хлопчыкамі і дзяўчынкамі з парафіяльнага вакальна-харэаграфічнага гурта «Пухавіцкія пярлінкі». Выступленне было арганізавана ў межах дабрачыннай акцыі па збору сродкаў на рэабілітацыю сястры Ігнацыі з Маладзечна. Чакаючы ў гэтыя светлыя дні цуду, дзеці праз дапамогу іншым самі адчулі сябе трошачкі «святымі Мікалаямі». Неспадзявана для ўсіх прысутных у касцёл завітаў сам святы Мікалай! Дзеці добра памяталі яго мінулагодны візіт, бо ім тады пашчасціла пакатацца на сапраўднай карэце святога і нават пакарміць з рук яго коніка. Сёлета доўгачаканы госць прыбыў у касцёл на яшчэ больш незвычайным транспарце. Адсутнасць снегу і цёплае надвор’е паспрыяла таму, што святы Мікалай прыехаў... на рэтра-матацыкле ЯВА 250. Дзеці ўзнёсла чыталі яму вершы, ігралі на музычных інструментах, танчылі і спявалі. На сустрэчы прысутнічала амаль 50 хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзеці атрымалі магчымасць паверыць у цуд, а святы Мікалай з задавальненнем вадзіў з імі карагоды, удзельнічаў у гульнях, слухаў вершы і малітвы.
Напрыканцы сустрэчы святы Мікалай дазволіў мясцоваму пробашчу пакатаць усіх жадаючых на сваім прыгожым рэтра-матацыкле. Перад ад’ездам госць шчыра падзякаваў усім артыстам і гледачам, яшчэ раз віншуючы ўсіх вернікаў з вялікім і радасным святам Божага Нараджэння, пажадаў усім моцнай і сапраўднай веры, душэўнага супакою, радасці, здароўя, дабрабыту і згоды ў сем’ях. «Няхай нованароджаны Збаўца запаліць у вашых сэрцах святло любові і міласэрнасці», — звярнуўся святы Мікалай да парафіян, паабяцаўшы, што налета завітае гэтак жа неспадзявана ізноў. Сняжана Буцук |
Фотарэпартаж |