Калядная батлейка: гісторыя і сучаснасць |
Беларусь |
26.12.2015 00:26 |
Батлейку можна з поўным правам назваць адным з сімвалаў святаў Божага Нараджэння. Традыцыя майстравання невялікіх стаенак пачалася ў раннім Cярэднявеччы. Тады першая стаенка была створана братамі францішканамі ў Італіі. Гісторыя з’яўлення батлейкі У 1223 годзе ў італьянскім горадзе Грэччо святы Францішак Асізскі ўпершыню арганізаваў святочную стайню. Такім чынам ён паспрабаваў наблізіць да вернікаў гісторыю Божага Нараджэння. На стварэнне «жывой інсцэніроўкі» нараджэння Езуса святога Францішка натхніла падарожжа на Святую Зямлю, якое ён здзейсніў ў 1220 годзе.
Святы лічыў, што стайня дапаможа яму і іншым вернікам глыбей зразумець і перажыць свята Божага Нараджэння. Браты францішкане падтрымалі ініцыятыву манаха, і ён, атрымаўшы дазвол у Папы, рэалізаваў сваю задуму. З цягам часу батлейкі распаўсюджваюцца па ўсім свеце і набываюць самыя розныя памеры, формы і дызайн. Калядныя батлейкі адрозніваюцца паміж сабой канструкцыяй, формай, часам выстаўлення ў залежнасці ад рэгіёну свету. Неапалітанская батлейка, напрыклад, выстаўляецца 8 снежня, кракаўская — у першы чацвер снежня. Неапалітанская батлейка Упершыню калядная батлейка ў Неапалі (Італія) была выстаўлена ў ХІІІ стагоддзі ў касцёле Санта-дэль-Прэсэпэ. Вялікую папулярнасць неапалітанскія батлейкі набылі ў XVIII стагоддзі. Іх ставілі ў каралеўскіх і магнацкіх палацах, у дамах гараджан і сялянскіх хатах, выкарыстоўвалі ў якасці падарункаў на Божае Нараджэнне. Часцей за ўсё яны рабіліся з фарбаванай тэракоты, радзей з каралаў або марскіх ракавін. У пастаноўцы прысутнічала архітэктура Неапаля і краявіды яго ваколіц. Яны былі вынікам працы лепшых неапалітанскіх архітэктараў, скульптараў, ювеліраў і краўцоў. Вельмі рэалістычныя батлейкі добра паказвалі элементы штодзённага жыцця. За постацямі членаў Святой Сям’і размяшчаліся фігуры катаў, вінаробаў, ткачоў, ганчароў, якія стаялі каля сваіх майстэрняў.
Неапалітанская батлейка Рэалістычнасць неапалітанскай батлейцы і зараз надае адмысловы рэквізіт, узяты з паўсядзённасці: калодзеж, печ, размешчаная ў цэнтры. Часта выкарыстоўваецца імітацыя ежы: кошыкі з садавінай, рыба, макароны, боханы хлеба... Фігуры людзей вельмі рэалістычныя. У іх перадаецца багацце жэстаў і мімікі, яснасць аблічча, прыгажосць і далікатнасць. Гістарычныя касцюмы, пашытыя з лепшых тканін у стылі «мокрай вопраткі», надаюць постацям дынамізм. У мястэчку Гіфонія ў францішканскім абацтве ХІІ стагоддзя ўжо некалькі гадоў арганізоўваецца выстава калядных батлеек рэгіёну Кампанія, дзе таксама прадстаўлены батлейкі з іншых краін. Кракаўская батлейка Кракаўскія батлейкі – гэта багата аздобленыя сцэны Божага Нараджэння з архітэктурнай спасылкай на адметнасці Кракава. Стылёвая разнастайнасць кракаўскіх касцёлаў стала для стваральнікаў батлейкі крыніцай натхнення. Яны распрацавалі батлейку ў выглядзе тонкага будынка. Гістарычны музей Кракава з 1946 года праводзіць штогадовыя конкурсы, а з 1953 года таксама звычайныя, пазаконкурсныя выставы батлеек. Музей змяшчае найбуйнейшую у свеце калекцыю калядных батлеек, якая налічвае больш за 200 экспанатаў, што шмат гадоў прэзентуюцца на нацыянальных і міжнародных выставах. Батлейка ў Познані Самая вялікая рухомая батлейка была арганізавана ў касцёле айцоў францішканаў у Познані (Польшча). Яна мае 11 м у шырыню, 16,5 м у вышыню і 30 м у глыбіню. Батлейка налічвае каля 300 фігур, частка якіх мае натуральную велічыню, а над ёй размешчана «неба» з зоркамі. Беларускія батлейкі Да нас традыцыя выстаўлення ў касцёле падчас Божага Нараджэння фігурак, якія ілюструюць сцэну нараджэння Езуса, прыйшла з суседняй Польшчы. Туды яе прынеслі браты францішкане. Калядная батлейка выстаўляецца ва ўсіх касцёлах Беларусі і мае самыя розныя варыянты і мадыфікацыі. Бадай што адной з самых цікавых з’яўляецца стаенка, выстаўленая ў касцёле Найсвяцейшай Тройы (святога Роха) у Мінску. Батлейка змяшчае шматпавярховыя дамы і крамы, касцёл, капліцу і пажарнае дэпо. На вуліцах горада можна ўбачыць аўтамабілі і грузавікі, а таксама мініяцюрных гараджан, якія ідуць па сваіх справах, чакаюць аўтобуса і выходзяць з касцёла. Галоўная асаблівасць батлейкі — мініяцюрная чыгунка са сваёй станцыяй і вакзалам. Сярод гэтага звычайнага гарадскога жыцця адбываецца Божае Нараджэнне. На ўзгорку над лесам размешчана стаенка, у якой Марыя і Юзаф радуюцца нованароджанаму Езусу. Ідэя стварэння такой батлейкі належыць пробашчу парафіі кс. Юрыю Санько, а праектаваў і будаваў яе інжынер Юрый Панін разам з парафіянамі касцёла на Залатой Горцы. Сёння батлейка — гэта не толькі статычная ілюстрацыя Божага Нараджэння з дапамогай фігур людзей і жывёл, але таксама і невялікія тэатральныя пастаноўкі, якія ўжо традыцыйна ладзіць моладзь або дзеці ў розных касцёлах Беларусі. Як бачна, варыянтаў і формаў батлеек даволі шмат. Іх аб’ядноўвае адно – яны ілюструюць самую важную падзею для ўсяго чалавецтва – нараджэнне Таго, Хто «дарога, праўда і жыццё». Няхай жа праз гэтую праўду аднаўляецца нашае мысленне, каб мы маглі кожны дзень выбіраць Жыццё, не збочваючы з Дарогі, якой з’яўляецца Езус. Марына Валасар, паводле pl.wikipedia.org і catholic.by |