«Веру, што адбудзецца цуд»: будслаўскія пілігрымы і іх інтэнцыі |
Беларусь |
30.06.2017 18:02 |
Кожны з пілігрымаў нясе ў сваім «духоўным заплечніку» шматлікія інтэнцыі да Бога праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай. Хтосьці нясе свае падзякі за ўжо выслуханыя просьбы, хтосьці – праблемы, якія здаюцца невырашальнымі, а хтосьці ахвяруе цяжар пілігрымкі ў інтэнцыі іншых людзей. Пілігрымы падзяліліся з Catholic.by сваімі інтэнцыямі і думкамі, з якімі яны прыйшлі да Маці Божай Будслаўскай. Іна Барташэвіч з Ільі, удзельніца пілігрымкі Вілейка-Будслаў: Сёлетняя пілігрымка Вілейка-Будслаў ужо дзявятая не толькі ў маім жыцці, але і ў жыцці маёй сям’і. За гэты час у мяне нарадзілася дачушка Кацярына. Кожную пілігрымку я ахвяроўвала за сваіх дзяцей, а таксама за здароўе кагосьці з іх.
Апошнія гады я несла ў сваім сэрцы інтэнцыі аб распазнанні жыццёвага паклікання для сваіх старэйшых дзяцей, каб Найсвяцейшая Панна Марыя накіроўвала і падтрымлівала іх на жыццёвым шляху. Сёлета мой старэйшы сын Мікіта скончыў школу і ўжо зрабіў свой жыццёвы выбар, таму гэту пілігымку мы ахвяроўваем у яго інтэнцыі. Але ўсяму свой час, таму няхай гэта інтэнцыя застанецца для вас таямніцай. Гэта мая пятая пешая пілігрымка ў Будслаў. Сёлета нясу да падножжа Будслаўскага санктуарыя інтэнцыі аб аздараўленні для маёй матулі і аб навяртанні сваіх родных. Таксама хачу падзякаваць Маці Божай Будслаўскай за ўсе выслуханыя інтэнцыі з мінулых пілігрымак. Адбыўся сапраўдны цуд, калі праблемы, з якімі я ішла ў Будслаў, былі вырашаныя літаральна адначасова з маім прыездам дадому. Гэта мая 19-я пілігрымка. І кожная з іх проста цалкам змяняе светапогляд. Часам выходзіш з аднымі інтэнцыямі, а на трэці дзень разумееш, што ўсе твае інтэнцыі былі толькі эгаістычнымі памкненнямі, і яны змяняюцца на іншыя, супрацьлеглыя, такія, якія, верагодна, больш падабаюцца Пану Богу. Для мяне пілігрымка – гэта глыток паветра, які дазваляе пасля ўвесь год больш па-хрысціянску ўспрымаць тыя сітуацыі, якія са мной адбываюцца. Да таго ж пілігрымка – гэта такая школа жыцця, у якой ты вучышся дапамагаць у нязручных умовах, нават тады, калі трэба было б з чалавечага пункту гледжання думаць пра сябе, а насамрэч ты найперш павінен больш думаць пра тых, хто побач з табою. А інтэнцыя ў мяне заўсёды адна і тая ж. Галоўнае, аб чым прышу, – каб споўнілася Божая воля ў маім жыцці, таму што гэта бяспройгрышны варыянт і, напэўна, тады будзе ўсё добра. Я вырушыла ў пілігрымку ў сёмы раз. Тыя інтэнцыі, з якімі хадзіла мінулыя гады, былі выслуханыя і адбыліся цудоўныя перамяненні. Я атрымала тыя ласкі, аб якіх прасіла. Кожны раз я верыла, але не чакала, што так хутка можа адбыцца цуд. У гэтым годзе я іду не са сваёй інтэнцыяй, але ў інтэнцыі іншага чалавека, таму што ведаю, што яму малітва больш патрэбная. У мінулым годзе я прасіла аб навяртанні члена маёй сям’і і гэта адбылося, а ў гэтым годзе я сказала Марыі: іду ў інтэнцыі пэўнага чалавека, выслухай, калі ласка, маю просьбу. Веру, што адбудзецца цуд. Мае ж інтэнцыі былі ўжо ўсе выслуханыя. Нясём у Будслаў шмат інтэнцый. У мінулым годзе мы неслі інтэнцыю аб здароўі Вікторыі з Маладзечна. Ад нараджэння яна мела цяжкую хваробу, якую выявілі толькі тады, калі яна была цяжарная. Стан здароўя падчас цяжарнасці быў вельмі цяжкі, яна нават не магла размаўляць і рухацца. Вікторыю забралі ў шпіталь і сказалі, што могуць быць вельмі цяжкія наступствы для яе і для дзіцяці. Ёсць толькі адзіночныя выпадкі, калі людзі пасля падобнай хваробы выжывалі і вярталіся да здароўя. Урачы прапаноўвалі выклікаць роды, таму што дзіця не можа нармальна развівацца пры такой колькасці медыцынскіх прэпаратаў. |