Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі пра Дзень малітвы за Украіну |
Канферэнцыя Біскупаў
|
21.02.2014 16:10 |
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
З вялікім непакоем мы сочым за тым, што адбываецца ў апошні час ва Украіне. Дадзеная сітуацыя з’яўляецца для нас заклікам да малітоўнай салідарнасці ў інтэнцыі мірнага вырашэння гэтага драматычнага канфлікту.
Папа Францішак заахвоціў да мірнага заканчэння канфлікту ва Украіне, запэўніўшы ў сваёй блізкасці да ўкраінскага народа і малітве за ахвяр насілля, членаў іх сем’яў і параненых.
Па прыкладзе Святога Айца звяртаемся з вялікай просьбай да ўсіх вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, каб нядзеля 23 лютага гг. стала Днём малітвы і посту ў інтэнцыі Украіны.
Заахвочваем, каб у гэты дзень ва ўсіх касцёлах і капліцах нашай краіны падчас святых Імшаў і эўхарыстычных набажэнстваў узносілася малітва за Украіну, каб усе бакі спынілі любыя акты насілля і шукалі згоды і міру.
Міласэрнаму Богу давяраем усіх ахвяраў гэтага канфлікту, а сем’і загінуўшых запэўніваем у малітоўнай памяці, выказваючы ім словы сардэчнага спачування.
Каталіцкія Біскупы Беларусі
Мінск, 21 лютага 2014 г.
З гэтым паведамленнем належыць азнаёміць вернікаў у бліжэйшую нядзелю, 23 лютага, падчас парафіяльных аб’яваў
|