Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана 2014
Канферэнцыя Біскупаў
15.03.2014 12:19

Шаноўныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце Пану сёстры і браты!

Анёл сказаў Ёй у адказ: „Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым” (Лк 1, 35).


Згаданыя словы з дыялогу Божага Пасланніка з Марыяй заахвочваюць нас спазнаць глыбіню таямніцы Звеставання Пана. Каб хоць крыху зразумець, неабходна адчуць сябе запрошанымі да дома ў Назарэце, дзе галоўнымі героямі Божага плану становяцца анёл па імені Габрыэль і выбраная Богам жанчына па імені Марыя. Гэта не звычайны дыялог, хоць, можа, у многім ён падобны да нашых дыялогаў, што ўзнікаюць падчас малітвы з Богам. У ім шмат невядомага. Але, нягледзячы на гэта, Марыя даручае ўсе гэтыя справы Богу, згаджаючыся з Яго воляй. Такім чынам пасланы Богам анёл яшчэ раз пацвярджае праўду аб тым, што жыццё, якое народзіцца, з’яўляецца святым. Тут гаворка ідзе не толькі пра Божага Сына, але і пра кожнае новае жыццё, якое мае свой пачатак ва ўлонні жанчыны, маці.

22 лістапада 2013 года каталіцкія біскупы, сабраныя на звычайным пасяджэнні ККББ, абвясцілі, што 2014 год будзе Годам малітвы. Так мы будзем рыхтавацца да святкавання 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. І, калі яшчэ раз паглядзець на сцэну Звеставання, а затым на жыццё Марыі, то цяжка не заўважыць, наколькі важнай у Яе жыцці была размова з Богам. Менавіта на малітве Яна даручала Яму ўсе цяжкія справы ўключна з той, якой было зачацце і нараджэнне Езуса Хрыста. А мы, браты і сёстры, ці разумеем каштоўнасць і важнасць малітвы ў нашым жыцці? Ці з’яўляецца яна чымсьці штодзённым, ці, можа, толькі аварыйным выйсцем з цяжкіх сітуацый, з якімі мы самі не ў стане справіцца?

Калі глядзім на сучасную сям’ю, асабліва на жанчыну, якая носіць пад сваім сэрцам зачатае жыццё, ці разумеем, што яна патрабуе нашай малітвы? Цяжарныя маці больш, чым калі-небудзь, патрабуюць нашага закліку да Бога, бо сучасны свет у такіх цяжкіх сітуацыях прапануе ім іншае выйсце, якое супярэчыць маральнаму і Божаму закону. Жанчыне, якая перажывае крызіс, звязаны з прыняццем станоўчага рашэння нарадзіць дзіця, прапануюць аборт, інакш кажучы дзетазабойства. Другі Ватыканскі Сабор выразна падкрэслівае, што такі чын з’яўляецца жудасным злачынствам (Пар. GS 51).

Умілаваныя браты і сёстры! Касцёл заўсёды стаяў і стаіць на варце абароны і падтрымкі чалавечага жыцця. Касцёл пакліканы, каб „па-новаму паказаць усім яшчэ больш пераканаўча жаданне развіваць усялякімі сродкамі чалавечае жыццё і яго абарону ад розных небяспек, незалежна ад стану і стадыі яго развіцця” (FC 30). Таму таксама Касцёл у Беларусі захоўвае вернасць гэтаму пакліканню. Найперш гэтае пакліканне ажыццяўляе праз літургічную малітву, а таксама праз індывідуальную малітву вернікаў. Ёсць таксама больш бачныя знакі: навуковыя сімпозіумы, парафіяльныя сямейныя кансультацыі, наведванне і размовы ў клініках, дзе праводзяцца аборты. Ужо на працягу некалькіх гадоў як у Паўсюдным Касцёле, так і ў нас практыкуецца гэтак званае „Духоўнае ўсынаўленне”, якое заключаецца ў малітве за дзяцей, жыццё якіх знаходзіцца ў небяспецы, а таксама за іх бацькоў. Яна трывае дзевяць месяцаў, і больш урачыста мы распачынаем яе на Звеставанне Пана. Чым жа канкрэтна з’яўляецца „Духоўнае ўсынаўленне”? Гэта дадзенае Богу абяцанне, зместам якога з’яўляецца малітоўнае абавязацельства канкрэтнай асобы за ўратаванне жыцця дзіцяці ва ўлонні маці, імя якога ведае толькі Бог. Сутнасць „Духоўнага ўсынаўлення” заключаецца ў штодзённай спецыяльнай малітве за дзіця і за яго бацькоў, у чытанні адной з таямніц святога Ружанца, а таксама ў дабравольным выкананні якой-небудзь рэлігійнай практыкі, напр. прыняцце св. Камуніі, захаванне посту, актыўная падтрымка харытатыўных акцый.

Адзначаючы сёння ўрачыстасць Звеставання Пана, якая ўжо на працягу многіх гадоў з’яўляецца Днём святасці жыцця, мы заахвочваем да гэтай малітвы найперш святароў і кансэкраваных асобаў. Вашая пастава і прыклад паказвае вернікам, што трэба рабіць. Просім, каб як мага большая колькасць веруючых і людзей добрай волі далучылася да гэтай формы малітвы за захаванне жыцця дзіцяці, якое знаходзіцца пад сэрцам маці. Такім ёсць пакліканне Касцёла, а значыць усіх нас, якія належым да яго. Будзем жыць згодна з гэтым пакліканнем, памятаючы, што кожны чалавек, а значыць і той, які знаходзіцца ва ўлонні маці, належыць толькі Богу.

На трывалую малітву і прынятыя практыкі дзеля абароны жыцця дзіцяці, якому пагражае аборт, у Год малітвы ад сэрца ўсіх вас благаслаўляем.

Мінск, 9 сакавіка 2014 г.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Біскуп Аляксандр Кашкевіч
Старшыня Канферэнцыі
Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Біскуп Антоні Дзям’янка
Генеральны сакратар KКББ
Старшыня Рады па справах сям’і пры ККББ

Паведамленне трэба прачытаць ва ўсіх касцёлах нашай краіны вa ўрачыстасць Звеставання Пана, 25 сакавіка 2014 г.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Канферэнцыя Біскупаў

18.03 07:00Пастырскае пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана 2017
16.03 12:49Пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на дзень «Карытас»
02.03 16:36Паведамленне з 64-га пленарнага (пазачарговага) пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
29.12 11:25Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на свята Святой Сям'і
07.12 16:33Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
20.10 10:23Біскуп Яшэўскі прымае ўдзел у кангрэсе ў Рыме
12.10 17:58Паведамленне з 63-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
29.07 03:22Заклік Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды распачацця Сусветных дзён моладзі ў Кракаве
25.07 14:25Зварот Старшыні ККББ з нагоды правядзення Агульнабеларускай навэнны да Найсвяцейшай Панны Марыі ў межах падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
13.07 11:17Паведамленне Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пра свята св. Марыі Магдалены