У Мінску заснавана тэалагічная акадэмія імя святога Яна Паўла ІІ |
Канферэнцыя Біскупаў |
26.09.2014 14:23 |
26 верасня на пазачарговым пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі быў разгледжаны і прыняты тэкст статута Вышэйшай духоўнай навуковай установы «Тэалагічная акадэмія імя святога Яна Паўла ІІ» Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь. Новая навучальная ўстанова будзе размяшчацца ў Мінску. Узгаданая Акадэмія заснавана Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Асноўнай мэтай Акадэміі з’яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй розных ступеняў і навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, у тым ліку святароў, для рэлігійнай дзейнасці Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусі. Асноўнай задачай Акадэміі з’яўляецца навучанне студэнтаў у галіне тэалогіі, а таксама біблістыкі, кананічнага права, гісторыі, літургікі, катэхізацыі, філасофіі, этыкі, рэлігіязнаўства, сродкаў масавай камунікацыі, сацыяльнага вучэння і служэння, сям’і, замежных моваў і іншых дысцыплін згодна з нормамі і навучаннем Рыма-Каталіцкага Касцёла. Прынята рашэнне звярнуцца да адпаведных дзяржаўных органаў з мэтай ажыццяўлення дзяржаўнай рэгістрацыі новай Вышэйшай духоўнай навучальнай установы. Паводле паведамлення Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі |