Пробашч гродзенскай катэдры кс. Ян Кучынскі, дэлегат Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, прыбыў у Ватыкан для ўдзелу ў пасяджэнні спецыяльнага папскага камітэта, які займаецца арганізацыяй Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса. Кангрэс пройдзе 25-31 студзеня 2016 года ў Філіпінах.
Ксёндз Ян Кучынскі ў інтэрв'ю для Ватыканскага радыё распавёў пра падрыхтоўку да эўхарыстычных форумаў і сваю сустрэчу з Папам Францішкам. — Ксёндз Ян, у чым сэнс падобных сустрэч: для чаго яны праводзяцца?
— Сэнс такіх мерапрыемстваў заключаецца ў падрыхтоўцы да бліжэйшага Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса, які адбудзецца ў філіпінскім Себу, і абмеркаванні пытанняў, якія павінны быць узняты на гэтым форуме. Падчас канферэнцыі была прачытана справаздача арцыбіскупа Дубліна на тэму мінулага кангрэса. Ён засведчыў, што форум абудзіў веру людзей: яны былі вельмі задаволены і сказалі, што адчулі ў сабе адраджэнне веры ў Найсвяцейшы Сакрамэнт, умацаванне эўхарыстычнай пабожнасці. Менавіта абуджэнне веры з’яўляецца задачай наступнага кангрэса: каб людзі прачнуліся, пачалі больш пазнаваць і цаніць Эўхарыстыю.
— У межах пасяджэння Камітэта Вы сустракаліся з Папам Францішкам. Не маглі б Вы расказаць крыху пра гэтую сустрэчу?
— Гэта была мая першая сустрэча з Папам Францішкам, і я застаўся вельмі задаволены ёю. Заўсёды цікава сустрэцца з новым Папам! Падчас індывідуальнай сустрэчы я пастараўся перадаць яму прывітанне ад усёй Беларусі і, канешне, запрасіў яго ў нашу краіну. На гэтыя словы ён усміхнуўся, кіўнуў галавой і сказаў: «Ну-ну, паглядзім!» Але, канешне, прысутнасць на гэтай сустрэчы і магчымасць слухаць Папу Францішка не толькі праз радыё і тэлебачанне прынесла і вялікую радасць, і духоўны ўздым.
— Ксёндз Ян, вяртаючыся да тэмы эўхарыстычных кангрэсаў, на бліжэйшым, які пройдзе на Філіпінах, будзе нейкая беларуская прысутнасць?
— Такая магчымасць ёсць. Гэта заўсёды магчыма, толькі трэба, каб хтосьці сабраўся, выказаў жаданне туды паехаць, бо гэта далёка і, напэўна, білеты будуць каштаваць нямала. Я буду спадзявацца, што знойдзецца прынамсі некалькі жадаючых паехаць на гэты кангрэс.
— Як, на Вашу думку, распаўсюджана ў Беларусі эўхарыстычная пабожнасць? Наколькі вернікі надаюць важнасць эўхарыстычнаму жыццю?
— Я думаю, што ў гэтым накірунку працаваць трэба заўсёды. Эўхарыстычная пабожнасць у Беларусі развіваецца. Вельмі радуе сэрца тое, што ў нас з’яўляюцца штодзённыя адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Гэта вельмі патрэбна. Радасна, што яны праводзяцца ва ўсіх дыяцэзіях, але шкада, што яшчэ не паўсюль праводзяцца ўсядзённыя і ўсяночныя адарацыі. За Гродна я магу адказаць: мы гэта практыкуем у гродзенскай катэдры. Перад вялікімі святамі і ўрачыстасцямі праводзім усяночныя адарыцыі.
У Беларусі мы яшчэ мала людзям тлумачым, што Эўхарыстыя — гэта жывы і сапраўдны Езус, які ёсць, быў і будзе. Трэба тлумачыць, што гаворка не ідзе пра нейкую форму магіі (маўляў, прыйшлі, пакланіліся і пайшлі), але пра Езуса, жывога і сапраўднага! Як кажа дэвіз будучага кангрэса: «Хрыстус у вас — надзея хвалы» — Езус у нас! Ён у кожным з нас, і гэта трэба да людзей данесці, бо часам яны маюць толькі традыцыйную пабожнасць у адносінах да Эўхарыстыі, якая заключаецца толькі ў тым, каб стаць на калені, памаліцца... Усё гэта вельмі добра, але ці па-сапраўднаму ўсе разумеюць, што перад імі — жывы і сапраўдны Езус? У гэтым накірунку, мне здаецца, яшчэ трэба працаваць. Трэба больш тлумачыць людзям, праводзіць больш канферэнцый, гаварыць больш казанняў, арганізоўваць больш рэкалекцый на тэму Эўхарыстыі.
— Магчыма, у дадзеным кантэксце было б актуальным пытанне аб правядзенні нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса ў Беларусі?
— Я думаю, што мы будзем рыхтавацца да таго, каб калісьці арганізаваць і нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Беларусі, бо гэта патрэбна. Я думаю, гэта падштурхне людзей да большай рэлігійнасці, да большага разумення Эўхарыстыі. Я мяркую і спадзяюся, што ў нас такі кангрэс калісьці адбудзецца.