Паведамленне ККББ на распачацце Года кансэкраванага жыцця |
Канферэнцыя Біскупаў
|
24.11.2014 11:06 |
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
З волі Святога Айца Францішка ад першай нядзелі Адвэнту 2014 года да 2 лютага 2016 года ва ўсім Паўсюдным Касцёле будзе перажывацца Год кансэкраванага жыцця.
Сённяшні свет патрабуе сапраўдных сведкаў, якія ўкажуць іншым сапраўдныя хрысціянскія каштоўнасці і шлях да Бога. Святы Айцец, абвяшчаючы Год кансэкраванага жыцця, хоча заклікаць законнікаў, каб сваім жыццём і радасцю спаткання з Уваскрослым яны абудзілі свет і былі сведкамі іншага спосабу чынаў, дзейнасці і жыцця.
На працягу бліжэйшага года нас чакае шмат падзеяў, каб мы лепш усвядомілі ролю кансэкраваных асобаў у Касцёле. Будзем жа імкнуцца лепей пазнаць багацце іх харызматаў і разнастайнасць спраў, якія яны здзяйсняюць.
Няхай Год кансэкраванага жыцця будзе таксама нагодай да малітвы за ўсіх тых, якія рэалізуюць сваё пакліканне ў законах, у свецкіх інстытутах ці ў індывідуальных формах кансэкраванага жыцця. Няхай ён будзе часам напружанай малітвы аб новых, шматлікіх і святых пакліканнях да служэння Богу і людзям.
З пастырскім благаслаўленнем Каталіцкія Біскупы Беларусі
Распараджэнне:
Просьба да святароў перадаць змест гэтага паведамлення вернікам падчас парафіяльных аб’яваў у нядзелю 30 лістапада 2014 г. і заахвоціць да малітвы ў інтэнцыі кансэкраваных асобаў.
+ Аляксандр Кашкевіч Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мінск, 23 лістапада 2014 г.
|