Тэкст ліста на польскай мове>>> Да духавенства, кансэкраваных асобаў, вернікаў і ўсіх людзей добрай волі
У Касцёле ў Беларусі стала добрым звычаем тое, што кожная ІІІ Нядзеля Вялікага посту адзначаецца як нядзеля «Сaritas», калі мы скіроўваем нашы думкі не толькі да таямніц, звязаных з мукай нашага Пана Езуса Хрыста, але і да тых, якія найбольш патрабуюць нашай дапамогі. Зрэшты гэтыя дзве рэчаіснасці неаддзельныя. Бо церпячы Хрыстус, які спазнае пакору і адвяржэнне, найбольш аб’яўляецца ў чалавеку. З іншага боку вобраз патрабуючых схіляе нас да больш інтэнсіўнай дзейнасці на карысць убогіх і патрабуючых, а таксама з’яўляецца для нас, веруючых, матывацыяй, каб больш глыбока перажываць балесныя таямніцы жыцця і смерці Хрыста.
Сёлетнюю нядзелю «Сaritas», а таксама і ўвесь 2015 год, у нашым Касцёле мы перажываем пад дэвізам «Выкараненне крайняй беднасці і голаду». Адкуль менавіта такі дэвіз, які вызначае праграму дзейнасці «Сaritas» на найбліжэйшы час? 10 снежня 2013 г. Святы Айцец Францішак афіцыйна адкрыў кампанію супраць голаду ў свеце. Кампанія, ініцыятарам якой з’яўляецца «Caritas Internationalis», праводзіцца пад дэвізам «Адзіная чалавечая сям’я — харчаванне для ўсіх». У той час Папа звярнуў увагу, што сусветным скандалам з’яўляецца той факт, што сёння 1 мільярд чалавек у свеце церпяць голад, таксама галадаюць і 50 мільёнаў дзяцей. Папа звярнуўся з заклікам да ўрадаў асобных краін, арганізацый, усіх людзей добрай волі, заахвочваючы іх адказна падысці да барацьбы з беднасцю і голадам. «З хрысціянскай любоўю падзелімся тым, што маем, з тымі, якія мусяць змагацца са шматлікімі перашкодамі, каб заспакоіць гэтую фундаментальную патрэбу. А адначасова будзем падтрымліваць сапраўднае супрацоўніцтва з убогімі, каб дзякуючы нашай і іх працы яны маглі годна жыць», — заклікаў Папа Францішак.
Сапраўды, найвялікшай эканамічна-грамадскай праблемай сучаснага свету з’яўляецца пытанне харчавання, а дакладней адсутнасць доступу да харчавання. І хоць нам здаецца, што гэта хутчэй прблема «трэцяга свету», аднак адсутнасць доступу да харчавання датычыць таксама грамадства Еўропы, у тым ліку і нас. Жабракі на вуліцах — гэта амаль штодзённае відовішча, калі мы выходзім з дома, ідучы на працу ці за пакупкамі. Дзеці, якія просяць аб скарынцы хлеба, — гэта таксама штодзённасць. А колькі церпячых голад застаецца ў сваіх сем’ях, перажываючы ў цішыні сваю бяду? Колькі самотных, састарэлых перажывае сваё ўбоства, замкнутыя ў сваіх «чатырох сцянах»?
Браты і сёстры! Сацыяльнае вучэнне Касцёла ўжо шмат гадоў звяртала і звяртае ўвагу на пагрозы, якія вынікаюць з няроўнага, а тым самым несправядлівага доступу да харчовых рэсурсаў. Аб гэтым казаў Папа Павел VI у энцыкліцы «Populorum progressio», указваючы на голад як на адзін з падставовых выклікаў, што стаяць перад сусветнай грамадскасцю. Апостальская Сталіца шматразова выступала з прапановай канкрэтных ініцыятыў, якія маглі б дапамагчы ў пераадоленні крайняй беднасці і голаду. Калі разглядаць праблему глабальна, то рэсурсы зямлі ў стане заспакоіць харчовыя патрэбы ўсіх грамадстваў. Але каб рэалізаваць гэтыя планы, нельга разглядаць праблему толькі з эканамічнага і тэхнічнага пункту гледжання. Задачы, якія трэба падняць, належыць разглядаць у сферы маральна-духоўнай, як павагу да годнасці кожнага чалавека, падтрымку салідарнасці і супольнага дабра. Гарантам усяго гэтага павінен быць мір, да ўмацавання якога пакліканы кожны з нас.
Святы Ян Павел ІІ казаў пра цывілізацыю смерці, называючы парадаксальнай і несправядлівай сітуацыю, калі побач з багатымі грамадствамі шырокія колы людзей галадаюць і жывуць у крайняй нястачы (пар. Redemptor hominis 6). Святы Айцец у сваім навучанні не абмяжоўваецца толькі сцвярджэннем факту ўбоства і нястачы. Ён дае таксама канкрэтныя грамадска-эканамічныя прапановы вырашэння гэтай праблемы, аб якіх мы ўжо пісалі, а таксама прапановы маральнай прыроды. Эканамічная дзейнасць становіцца недастатковай без выхавання да справядлівасці, салідарнасці і любові ў дачыненні да кожнага чалавека. Гэтая любоў да чалавека дапаможа асобным краінам адкрыцца на салідарнасць і міласэрнасць у адносінах да найбяднейшых (пар. Ян Павел II, Прамова з нагоды 50-годдзя FAO, Рым, 23.10.1995).
Касцёл не абмяжоўваецца, аднак, толькі і выключна навучаннем як формай барацьбы з крайняй беднасцю і голадам. Касцёл прымае канкрэтныя ініцыятывы, мэта якіх заключаецца ў нясенні тэрміновай і доўгатэрміновай дапамогі тым, хто знаходзіцца ў такой сітуацыі. Гэтаму служаць разнастайныя арганізацыі, адной з якіх з’яўляецца «Сaritas», у тым ліку «Сaritas» у Беларусі. Сёння, калі мы перажываем нядзелю «Сaritas», важна прыгадаць усе тыя ініцыятывы, якія праводзяцца ў нашым Касцёле для барацьбы з убоствам і голадам. «Сaritas» Віцебскай дыяцэзіі рэалізуе гэтую місію праз арганізацыю тэрміновай і доўгатэрміновай дапамогі, удзел у акцыях на карысць патрабуючых, заснаванне і дзейнасць месцаў апекі закрытай і адкрытай, месцаў крызіснай інтэрвенцыі, прытулкаў для бяздомных, дзейнасць адкукацыйных і каланійных установаў. Ён нясе дапамогу ўсім, хто мае патрэбу ў супрацоўніцтве і дапамозе, арганізуе дапамогу для тых, хто пацярпеў у разнастайных няшчасных выпадках. «Сaritas» Пінскай дыяцэзіі дапамагае дзецям-інвалідам, дзецям-сіротам; аказвае гуманітарную дапамогу самотным і састарэлым, сем’ям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю; кіруе дзейнасцю дома міласэрнасці для састарэлых і самотных; арганізуе харчаванне тых, хто не можа сябе пракарміць. Дыяцэзіяльны «Сaritas» у Гродзенскай дыяцэзіі кожны год бясплатна раздае лекі ў сацыяльнай аптэцы; утрымлівае кухню для найбяднейшых, выдаючы ім цёплыя пасілкі; арганізуе тэрміновую дапамогу для найбяднейшых сем’яў; арганізуе адпачынак для бедных і дзяцей са шматдзетных сем’яў. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія таксама праводзіць шмат праектаў, звязаных з барацьбой з убоствам і голадам. Сярод іх арганізацыя сталовай для бедных, праект «Рэха», які заключаецца ў перадачы прадуктаў для патрабуючых сем’яў і сродкаў першай дапамогі, перадачы гуманітарнай дапамогі, арганізацыі дзіцячага адпачынку з мэтай аздараўлення хворых дзяцей. Адным з найважнейшвх праектаў, які праводзіць «Сaritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, з’яўляецца сацыяльна-рэабілітацыйны цэнтр, у якім знаходзяцца дзеці з анкалагічнымі захворваннямі.
Гэтыя акцыі праводзяцца ў духу міласэрнасці. І хоць усе мы ўсведамляем, што да канца не вынішчым ні крайняй беднасці, ні голаду, аднак будзем памятаць аб словах Езуса: «Я быў галодны, і вы далі Мне есці, быў голы, і вы апранулі Мяне». Хрысціянская міласэрнасць вучыць нас, што найважнейшым з’яўляецца не толькі паспяховасць дапамогі, але здольнасць быць бліжнім для чалавека, дапамагаючы яму так, каб гэты жэст адчуваўся не як прыніжаючая міласціна, але як сведчанне любові да бліжняга і братэрскай дапамогі.
Сёння, супольна перажываючы чарговую нядзелю «Сaritas, выражаем удзячнасць усім тым, хто рэалізуе місію працы з найбяднейшымі, валанцёрам, якія бясплатна служаць у духу хрысціянскай міласэрнасці. Дзякуем усім людзям добрай волі, чые ахвяры, якія яны складаюць, робяць магчымай дзейнасць гэтай дабрачыннай арганізацыі. Заахвочваем, каб ваша сённяшняя шчодрасць, якая выражаецца ў ахвярах дзеля барацьбы з крайняй беднасцю і голадам у нашай краіне, была такой жа вялікай, якая вялікая хрысціянская міласэрнасць. Няхай усім справам хрысціянскай міласэрнасці спадарожнічае наша пастырскае благаслаўленне, якое вам удзяляем.
Мінск, 30 студзеня 2015 г.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Біскуп Антоні Дзям’янка Генеральны сакратар ККББ Старшыня Рады па справах дабрачыннасці, справядлівасці і міру
Гэты ліст належыць прачытаць ва ўсіх касцёлах нашай краіны ў ІІІ Нядзелю Вялікага посту, 8 сакавіка 2015 г.
|