Паведамленне з 59-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі |
Канферэнцыя Біскупаў |
03.06.2015 17:02 |
3 чэрвеня 2015 г. у Душпастырскім цэнтры ККББ у Мінску адбылося 59-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, на якім прысутнічалі ўсе яе члены. У пасяджэнні таксама прыняў удзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Апостальскі Нунцый на пачатку пасяджэння падсумаваў візіт у Беларусь Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка кардынала П’етро Параліна, адзначыўшы, што гэтым візітам было зацікаўлена шырокае кола грамадскасці, дзяржаўныя ўлады, а таксама што гэтая падзея была шырока асветлена ў СМІ. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначылі, што працэсія Божага Цела, якая адбылася ў Мінску 31 мая, была шматлікай і налічвала да 10 тысяч чалавек. Падчас пасяджэння згодна са статутамі ККББ адбыліся выбары Старшынi, Намеснiка старшынi i Генеральнага сакратара ККББ. У выніку Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі быў абраны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Віцэ-старшынёй — біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральным сакратаром — дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч праінфармаваў аб Міждыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі (МСМ), якая адбудзецца 24-26 лiпеня ў Івянцы на тэму «Маё асабiстае навяртанне». Перад МСМ 20-24 лiпеня ў Iвянцы традыцыйна будзе праводзіцца «Музычная майстэрня». Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама праінфармаваў аб Будслаўскiх урачыстасцях, якія пройдуць 3-4 лiпеня пад дэвізам «Марыя — прытулак грэшных». ККББ прыняла рашэнне аб тым, каб малiтву Ружанца ў кастрычнiку 2015 г. прысвяціць iнтэнцыi Сiноду Бiскупаў аб сям’і, які адбудзецца 4-25 кастрычніка ў Ватыкане. Наступнае пасяджэнне ККББ запланавана на 27 кастрычнiка 2015 г. з нагоды 90-годдзя паўстання Пінскай дыяцэзіі.
|