Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі павіншаваў Святлану Алексіевіч з Нобелеўскай прэміяй |
Канферэнцыя Біскупаў
|
09.10.2015 12:25 |
«Я з вялiкай радасцю ўспрыняў вестку аб прысуджэннi Вам Нобелеўскай прэмii ў галiне лiтаратуры за 2015 год, — адзначыў у віншаванні Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Гэта прызнанне Вашай лiтаратурнай дзейнасцi на сусветным узроўнi, а таксама вялiкi гонар для нашай багатай на таленты Бацькаўшчыны Беларусi».
v Горад Ватыкан, 8 кастрычнiка 2015 г.
Лаўрэату Нобелеўскай прэмii па лiтаратуры Алексiевiч С.А.
Глыбокапаважаная Святлана Аляксандраўна!
Знаходзячыся ў Вечным горадзе, Рыме, i прымаючы ўдзел у Сiнодзе Бiскупаў на тэму «Паклiканне i мiсiя сям’i ў Касцёле i сучасным свеце», я з вялiкай радасцю ўспрыняў вестку аб прысуджэннi Вам Нобелеўскай прэмii ў галiне лiтаратуры за 2015 год. Вашы прасякнутыя пачуццямi цярпення i гуманiзму лiтаратурныя творы атрымалi найвышэйшую ацэнку. Гэта прызнанне Вашай лiтаратурнай дзейнасцi на сусветным узроўнi, а таксама вялiкi гонар для нашай багатай на таленты Бацькаўшчыны Беларусi.
Упэўнены, што такая высокая мiжнародная ўзнагарода стане для Вас новым натхненнем у далейшай творчай дзейнасцi, дапаможа ў выхаваннi новых пакаленняў лiтаратараў-гуманiстаў i заахвоцiць нашых суайчыннiкаў iмкнуцца да новых вышыняў у галiнах навукi, тэхналогii, культуры, мастацтва, лiтаратуры i iншых сферах дзейнасцi чалавека. Ад усяго сэрца вiншую Вас, як першага беларускага лаўрэата Нобеля, i жадаю Божага благаслаўлення.
З павагай i малiтвай аб Вашым служэннi Беларусi
Арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi Старшыня Канферэнцыi Каталiцкіх Бiскупаў у Беларусi
|