Тэкст на польскай мове>>> «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць» (Мц 5, 7)
Дарагія браты і сёстры, працягваючы руку аслабленаму чалавеку, усведамляеш важнасць пачуцця сапраўднай любові ў сваім сэрцы. Ніколі не ведаеш, што можа здарыцца з табой у жыцці, і таму нельга атрымаць гарантыю, што ніколі не апынешся ў сітуацыі жабрака. Прычынай гэтага могуць стаць розныя абставіны: страта працы, жылля, здароўя… Разам з тым наступствы нашых учынкаў дзейнічаюць падобна бумерангу. Так злом вяртаецца да нас здзейснены і не выпраўлены намі грэх. І вялікім дарам ласкі і ўзнагароды знаходзіць нас учыненае велікадушным сэрцам дабро.
Гэтая велікадушнасць чэрпае сваю моц з дару міласэрнасці, якая дазваляе нам мець адкрытыя вочы і далоні на патрэбы іншага чалавека, але галоўным чынам становіцца шляхам, які вядзе нас да паяднання з Богам. Ад кожнага з нас залежыць, дарагія браты і сёстры, наколькі мы дазволім, каб гэты дар у нас дзейнічаў, рэалізуючы ў нашым жыцці словы Хрыста: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36).
Сёння, у трэцюю нядзелю Вялікага посту, традыцыйна ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі мы адзначаем Дзень Caritas. Вось ужо амаль 25 гадоў Каталіцкі Касцёл у Беларусі праз дзейнасць гэтай дабрачыннай арганізацыі нясе дапамогу патрабуючым людзям. Сёння ўжо складана падлічыць, колькі дзясяткаў тысяч чалавек за гэты час атрымала дапамогу, знаходзячыся ў розных патрэбах і складаных жыццёвых сітуацыях. Пачынаючы ад дапамогі звычайнай вопраткай і прадуктамі харчавання, пошуку месцаў пражывання для анкалагічна хворых дзяцей і іх бацькоў падчас тэрапіі, апекі над самотнымі пажылымі людзьмі і стварэння ў дзіцячых садках груп для дзяцей-інвалідаў да будаўніцтва вёскі пастаяннага прабывання дзяцей, якія ад нараджэння абмежаваныя ў фізічным і псіхічным развіцці, і шмат-шмат іншых справаў, якія здзяйсняюцца ў межах дзейнасці «Caritas». Гэта заданне, якое належыць да самой істоты Каталіцкага Касцёла, але належнае выкананне яго нельга здзейсніць толькі з пачуцця абавязку, без глыбокай веры і ўдзелу велікадушнага сэрца.
Папа Францішак асабліва моцна падкрэслівае вялікую лучнасць веры і ўчынкаў міласэрнасці. Для Папы з Аргенціны міласэрнасць перш за ўсё – гэта пастаянны клопат пра Божыя стварэнні. Абвяшчаючы сёлета Юбілейны Год Міласэрнасці, ён называе міласэрнасць пяшчотным дотыкам Бога. Здзяйсняючы ўчынкі міласэрнасці, кожны з нас можа стацца валанцёрам у распаўсюджванні міласэрнага Божага дотыку, які нясе суцяшэнне і дазваляе чалавеку на сабе адчуць абдымкі любячага Айца. Зваротным эфектам гэтых учынкаў, або тым бумерангам, пра які было ўзгадана на пачатку, з’яўляюцца сапраўдная радасць і супакой, а таксама цеплыня і адкрытасць у дачыненні да іншага чалавека. Праз гэта мы становімся ўсё больш выразнымі Хрыстовымі вучнямі, дэфіцыт якіх у нашым грамадстве адчуваецца яшчэ вельмі моцна.
«Як можна заўважыць, міласэрнасць у Святым Пісанні з’яўляецца ключавым словам для азначэння дзейнасці Бога адносна нас. Ён не абмяжоўваецца дэкларацыяй сваёй любові, але выяўляе яе бачным і яўным чынам. Любоў, дарэчы, ніколі не можа быць абстрактным словам. Па сваёй сутнасці яна з’яўляецца канкрэтным жыццём: інтэнцыямі, паводзінамі, паставамі, якія выяўляюцца ў штодзённым жыцці» («Misericordiae Vultus», 9).
Няхай нам, дарагія браты і сёстры, заўсёды спадарожнічае памяць пра тое, што мы пакліканы да міласэрнасці ў канркэтных справах. Мы – гэта значыць увесь Каталіцкі Касцёл. Месца кожнага з нас – у першым шэрагу там, дзе павінны дзейнічаць вера, надзея і любоў. Гэтае месца вельмі часта знаходзіцца побач з патрабуючым чалавекам.
«Caritas» сваёй дзейнасцю рэалізуе важную галіну паклікання супольнасці Каталіцкага Касцёла – адкрывае далонь пасільнай дапамогі тым, хто ў гэтым мае патрэбу. А гэта магчыма таму, што вы маеце неабыякавае сэрца, здольнае адгукнуцца на людскую бяду, нягледзячы на асабістыя клопаты. Дзякуй Богу за вас і дзякуй кожнаму з вас, дарагія браты і сёстры, ад імя тых, каму дзякуючы вашай дапамозе жыццё перастае быць непасільнай ношай і нясцерпнай пакутай. Міласэрны Бог няхай вам адудзячыць!
У інтэнцыі дабрачыннай місіі «Caritas» просім Нябеснага Айца словамі наступнай малітвы:
Міласэрны Божа, Табе давяраем каталіцкую місію «Caritas» у Беларусі і ва ўсім свеце. Пакорліва просім Цябе, дапамагай тым, хто прысвячае сябе службе бедным, хворым і церпячым ад голаду і нястачы. Навучы таксама і нас быць уважлівымі на патрэбы бліжніх, будзь з намі там, куды нас пасылаеш. Асвячай наш розум, каб мы знаходзілі рашэнні ў складаных сітуацыях, а калі гэта будзе немагчыма, дапамагай нам больш давяраць Табе. Дай нам ласку бескарыслівай і міласэрнай службы, барані ад роспачы і сумневу. Няхай Твая ласка дапамагае нам узрастаць у любові да Бога і людзей, каб мы маглі цешыцца адвечным шчасцем і радасцю ў небе. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
На дарозе служэння бліжнім у міласэрнай любові няхай вас благаславіць Бог Усемагутны: Айцец, + і Сын, і Дух Святы. Амэн.
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мінск, 24 лютага 2016 г.
|