Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана
Канферэнцыя Біскупаў
03.04.2016 22:02

Тэкст на польскай мове>>>

Шаноўныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы!
Умілаваныя ў Хрысце Пану сёстры i браты!

Не так даўно мы перажывалі таямніцу Уваскрасення Езуса Хрыста. Да сённяшняга дня прабываем у той радасці і надзеі, якую Ён нам даў, што і мы калісьці ўваскрэснем да вечнага жыцця. Адначасова мы ведаем, што не было б гэтай надзеі, калі б не Уцелаўленне Божага Сына. А тое Уцелаўленне, прышэсце ў свет, здзейснілася дзякуючы згодзе простай жанчыны па імені Марыя. Пачатак Уцелаўлення, якое здзейснілася моцай Духа Святога, апісваецца ў сённяшнім Евангеллі, а ўрачыстасць Звеставання Пана з радасцю перажываецца ва ўсім Касцёле. 

Ізноў углядаемся ў сцэну Звеставання, спрабуючы паглыбіць гэтую вялікую таямніцу Уцелаўлення Божага Сына. Слова, якое прамовіў анёл, – гэта не яго слова, а слова Бога, якое ў той час для Марыі было вялікай таямніцай, незразумелай таямніцай. Уяўляем сабе Марыю, спалоханую, заклапочаную гэтай інфармацыяй. Яна баіцца і дрыжыць. Гэта ўласціва таму, хто ведае, што стаіць перад Богам. Марыя, калі Ёй аб’явіўся анёл і сказаў, што Яна стане Маці Пана, напэўна, не адказала, скачучы ад радасці; па меншай меры гэтага не вынікае з Евангелля паводле Лукі. Марыя была не ў захапленні, але ўсхваляваная, гаворыць Лука. Слова, якое скіраваў да Яе Бог, так моцна ўзварухнула сэрца Марыі, што Яна збянтэжылася. Яна збянтэжаная таму, што не разумее інтэнцыі анёла. Але ўсёй душой Марыя гатовая выканаць волю Бога, бо ведае, што гэта Пан прамаўляе да Яе. Не зразумела, што значыць стаць Маці Збаўцы, але зразумела, што гэта прамаўляў Пан, і даказала сваю прыхільнасць. «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І дзякуючы гэтаму Яна становіцца поўная ласкі, бо прымае ў паўнаце таямніцу.

Перажываючы Юбілейны Год Міласэрнасці, абвешчаны Святым Айцом Францішкам, ведаем, што Божая Міласэрнасць найбольш поўна аб’явілася праз таямніцу Уцелаўлення Божага Сына. Святы Год, распачаты 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, паказвае «на спосаб дзеяння Бога ад пачатку нашай гісторыі. Пасля граху Адама і Евы Бог не хацеў пакінуць чалавецтва сам-насам, каб яно стала здабычаю зла. Таму пастанавіў і пажадаў, каб Марыя, святая і беззаганная ў любові (пар. Эф 1, 4), стала Маці Адкупіцеля чалавека» (була Misericordiae Vultus, 3).

Углядаючыся ў Марыю, мы бачым, што міласэрнасць мае таксама чалавечае вымярэнне. Так што паўтарайма за Cвятым Айцом Францішкам: «Міласэрнасць – гэта асноўны закон, які жыве ў сэрцы кожнага чалавека, калі ён глядзіць шчырымі вачыма на свайго брата, якога сустракае на жыццёвым шляху. Міласэрнасць – гэта шлях, які лучыць Бога з чалавекам, бо адкрывае сэрца на надзею, што мы будзем умілаваныя назаўсёды, нягледзячы на недасканаласць, якой ёсць грэх» (була Misericordiae Vultus, 2).

Дык як жа не паглядзець сёння ў святле тэалогіі міласэрнасці на страх маці ў благаслаўлёным стане, трывогу бацькі перад невядомым заўтра, крык дзяцей, якія чакаюць рашэння бацькоў: ці прыйдзе яно ў свет, ці яго вырашаць забіць? Аднак жа гэта не азначае апраўдання, таму што міласэрнасць, а значыць, памілаванне, мае на ўвазе рашэнне выправіцца, вырачэнне граху і вяртанне на дарогу праведнасці.

Перажываючы Юбілейны Год Міласэрнасці, удзельнічаючы ў радасці Звеставання Пана, святкуючы дзень «святасці жыцця», накіроўваем нашы думкі да ўсіх тых, хто перажывае сужэнскі і бацькоўскі крызіс. Бачым тых маці і бацьку, якія вагаюцца, ці варта прысвяціць сваю будучыню любові да новага жыцця. Свет прапаноўвае ім больш раскошнае жыццё, без абавязкаў, без адказнасці за сябе і за сусвет. Гэты свет падказвае ім, што чалавек, які знаходзіцца ва ўлонні маці, – гэта яшчэ не чалавек, дык чаго тады нішчыць жыццё сабе і партнёру пасля нараджэння дзіцяці. Аднак жа варта паглядзець на гэтыя цяжкасці па-іншаму, варта пачаць змаганне за крыху іншы свет, у якім кожная асоба «на вагу золата», таму што з’яўляецца Божым дарам. Варта ўсвядоміць, што мы атрымалі яшчэ адзін шанец, каб змяніць сваё жыццё. «Гэта час, каб дазволіць узварухнуць свае сэрцы. Перад абліччам учыненага зла, асабліва ў выпадку цяжкіх злачынстваў, надышоў час пачуць плач нявінных асоб, пазбаўленых грошай, годнасці, пачуццяў, самога жыцця» (була Misericordiae Vultus, 19).

Сёстры і браты! Год Міласэрнасці з’яўляецца шанцам для нас усіх. Гэта шанец для тых, хто памыляецца, не паважаючы чалавечага жыцця, але таксама шанец для тых, хто падтрымлівае чалавечае жыццё. Божая Міласэрнасць хоча крануць сэрца кожнага чалавека. Як кранула сэрца Марыі падчас Звеставання, так кранае сёння нас. Патрэбна толькі стаўленне Марыі, значыць адкрытасць і даручэнне Богу, нават калі мы не разумеем і не можам прадбачыць планаў Бога на нашу будучыню. Бог хоча, каб таксама праз нас іншыя заўважылі Яго міласэрнасць і прабачэнне. Бог, будучы багатым на міласэрнасць, заахвочвае нас да малітвы і дзейнасці ў абарону зачатага жыцця. Гэта час, які нам дадзены, і трэба не змарнаваць яго. А не змарнуем, калі прымем запрашэнне да актыўнага ўдзелу ў абароне жыцця. Сыходзячы з практыкі папярэдніх гадоў, хочам запрасіць вас узяць на сябе абавязак так званага «Духоўнага ўсынаўлення». Многія з вас ведаюць, чым з’яўляецца «Духоўнае ўсынаўленне». Многія з вас ужо шмат гадоў моляцца на працягу дзевяці месяцаў, просячы аб абароне ад смерці дзіцяці ва ўлонні маці, жыццё якога знаходзіцца ў небяспецы. Аднак жа тым, хто ўпершыню чуе аб «Духоўным усынаўленні», варта яшчэ раз нагадаць пра гэта.

«Духоўнае ўсынаўленне» з’яўляецца абяцаннем, змест якога – малітоўны абавязак, прыняты на сябе канкрэтнай асобай у інтэнцыі выратавання жыцця дзіцяці ва ўлонні маці, якому пагражае смерць. Сутнасцю з'яўляецца штодзённая малітва, якая працягваецца дзевяць месяцаў. Яна пачынаецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана і заканчваецца ўрачыстасцю Божага Нараджэння. Уключае яна прамаўленне спецыяльнай малітвы ў інтэнцыі дзіцяці, імя якога ведае Бог, адной з таямніц святога Ружанца, а таксама прыманне якой-небудзь рэлігійнай практыкі. Хто можа прыняць на сябе «Духоўнае ўсынаўленне»? Можа зрабіць гэта кожны чалавек, які лічыць, што ён здольны выканаць абяцанне, дадзенае Богу. Гэта могуць быць састарэлыя і хворыя асобы, цярпенне якіх прынясе больш багатыя плёны. Заахвочваем таксама моладзь. Мы верым, што калі маладыя асобы возьмуць на сябе абавязак малітвы ў інтэнцыі ненароджанага жыцця, то, напэўна, не дапусцяць у будучыні смерці свайго зачатага дзіцяці.

Умілаваныя, сцэна Звеставання Пана паказвае нам у паставе Марыі, што можна не разумець планаў Божых адносна нас. Але калі Бог звяртаецца да нас і калі гэта Божыя планы, то заўсёды трэба іх прымаць і з імі згаджацца. Чаму? Таму што Бог заўсёды хоча нашага дабра, і не можа быць інакш. Калі сёння яшчэ не ўсе вы разумееце патрэбу малітвы за зачатае дзіця, якому пагражае небяспека смерці, то гэта не перашкода. Марыя таксама не разумела паслання Габрыэля. Прыміце на сябе абавязак гэтай малітвы, аддаючы ўсё Пану Богу, бо Ён хоча выключна нашага дабра.
 
«Міласэрнасць – гэта доказ таго, як любіць Бог. Ён дае ўсяго сябе, заўсёды, дарма, не просячы нічога ўзамен. Прыходзіць да нас з дапамогаю, калі мы Яго клічам» (була Misericordiae Vultus, 14). Няхай жа і наш заклік у інтэнцыі абароны жыцця ненароджанага дзіцяці будзе бескарыслівым, але адначасова інтэнсіўным. Да такой малітвы заахвочваем усіх вас: святароў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў і ўсіх тых, для каго чалавечае жыццё з’яўляецца найвялікшым дарам.

Ахопліваем вас усіх малітвай i пастырскім благаслаўленнем.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Гэты ліст трэба прачытаць ва ўсіх касцёлах Беларусі ва ўрачыстасць Звеставання Пана, 4 красавіка 2016 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Канферэнцыя Біскупаў

18.03 07:00Пастырскае пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана 2017
16.03 12:49Пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на дзень «Карытас»
02.03 16:36Паведамленне з 64-га пленарнага (пазачарговага) пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
29.12 11:25Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на свята Святой Сям'і
07.12 16:33Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
20.10 10:23Біскуп Яшэўскі прымае ўдзел у кангрэсе ў Рыме
12.10 17:58Паведамленне з 63-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
29.07 03:22Заклік Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды распачацця Сусветных дзён моладзі ў Кракаве
25.07 14:25Зварот Старшыні ККББ з нагоды правядзення Агульнабеларускай навэнны да Найсвяцейшай Панны Марыі ў межах падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
13.07 11:17Паведамленне Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пра свята св. Марыі Магдалены