Каталіцкія біскупы Беларусі віншуюць новапрызначанага Апостальскага Нунцыя |
Канферэнцыя Біскупаў
|
13.05.2016 13:11 |
Яго Эксцэленцыі д-ру Габару Пінтэру Арцыбіскупу намінату Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі
Ваша Эксцэленцыя,
З вялікай радасцю мы ўспрынялі вестку аб тым, што сёння Святы Айцец Францішак прызначыў Вас новым Апостальскім Нунцыем у Беларусі.
Як Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі дазвольце мне ад свайго імя, ад імя ўсёй Канферэнцыі і католікаў нашай Бацькаўшчыны сардэчна і шчыра павіншаваць Вашу Эксцэленцыю з прызначэннем словамі: вітаем сярод нас!
У нашай краіне Ваша Эксцэленцыя спаткае моцную веру і Касцёл, які адраджаецца пасля трох пакаленняў ганенняў. Каталіцкі Касцёл у Беларусі не толькі захаваў скарбы багатай хрысціянскай традыцыі нашай краіны, але і ўцелавіў вучэнне Другога Ватыканскага Сабору і, нягледзячы на розныя цяжкасці, з упэўненасцю і мужнасцю глядзіць з надзеяй у будучыню.
Ваша Эксцэленцыя, Вы як Апостальскі Нунцый у Беларусі распачынаеце сваю дыпламатычную місію ў нашай краіне ў Юбілейны Год Божай Міласэрнасці і ў Год сярэбранага юбілею заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі. З вялікай надзеяй чакаем Вас у якасці прадстаўніка Святога Айца, каб сумесна служыць беларускаму народу і Касцёлу.
Даручаем служэнне новага Апостальскага Нунцыя ў нашай краіне Маці Божай Будслаўскай, якую мы праслаўляем на працягу 400 гадоў у Нацыянальным санктуарыі, а таксама святому Міхалу Арханёлу – апекуну Беларусі.
Адданы ў Пану,
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
|