Што такое Рараты? |
Усяго патроху |
30.11.2016 10:04 |
Рараты — адмысловыя святыя Імшы ў перыяд Адвэнту. Назва «Рараты» бярэ свой пачатак ад лацінскай песні «Rorate coeli desuper» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»), якая спяваецца ў перыяд Адвэнту, звычайна на пачатку раратняй Імшы: чым для высахлай зямлі з’яўляецца раса, тым Хрыстус для тых, хто Яго чакае. Традыцыйна Рараты адбываюцца перад усходам сонца. У касцёле пагашана святло, толькі гараць раратнія ліхтарыкі, якія прыносяць з сабою людзі, звычайна запаленымі, ідучы з дому ў святыню, асвятляючы змрок. Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае нам пра неабходнасць збірання на працягу ўсяго Адвэнту добрых учынкаў, якія дапамогуць асвяціць змрок граху ў нашай душы, паказаць Езусу шлях да нашага сэрца. Рараты асаблівым чынам нагадваюць нам пра Марыю, якая падобная да ранішняй зоркі, што апярэджвае ўсход сонца. Так і Марыя папярэдзіла прыход Езуса Хрыста — нашага Сонца і Святла ўсяго свету. У Беларусь раратняя Імша прыйшла з Захаду, дзе была вядома ўжо ў XIII ст. Падчас гэтай Імшы запальваюць дадатковую свечку, якая называецца раратняй і з’яўляецца сімвалам Апякункі перадкаляднага чакання — Марыі. Найсвяцейшая Дзева з’яўляецца не толькі Апякункай чакання, але перш за ўсё прыкладам чакання і прыпадабнення Богу. Раратка — сімвал Марыі, якая сярод змроку граху нясе свету Хрыста, праўдзівае Святло. Звычайна гэта свечка белага альбо светла-жоўтага колеру, перавязаная белай (ці блакітнай) стужкай і ўпрыгожаная зеленню ці ліліямі. У касцёлах раратку ставяць у сярэдзіну адвэнтавага вянка або пры алтары. Белая стужка на раратняй свечцы нагадвае праўду аб чысціні і Беззаганным Зачацці Марыі, а зеляніна — колер надзеі — гэта знак, што Марыя прынесла свету Надзею ўсіх часоў і пакаленняў. Ліліі і блакітная стужка традыцыйна сімвалізуюць саму Багародзіцу. Раратняя святая Імша цэлебруецца ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі і з’яўляецца следствам урачыстасці Звеставання (якая святкавалася з даўніх часоў 18 снежня). Засяроджанне на Панне Марыі ў часе Адвэнту мае сваё важнае значэнне: дачка Ізраэля, Маці Езуса і Маці Касцёла вучыць нас сапраўднаму чуванню перад прыйсцем Бога. Яна разам са старазапаветным народам чакала прышэсця Месіі. Пасля звеставання, як будучая маці, цярпліва чакала ўзрастання новага Жыцця, якое прыносіць у свет збаўленне. Сёння, узятая на нябёсы, Багародзіца чакае разам з усім Касцёлам на зямлі і на небе другога прыйсця Суддзі справядлівага, узмацняючы Касцёл сваім заступніцтвам і апекаю.
Кс. Сяргей Сурыновіч, фота Аляксандры Шчыглінскай |