16 кастрычніка ў Рэспубліканскім Палацы Культуры Прафсаюзаў урачыста завяршыўся двухгадовы праект «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Дыялог: аб перажытым – з любоўю да роўнага», накіраваны на дапамогу былым вязням канцэнтрацыйных лагераў, ахвярам вайны і проста людзям сталага веку.
Праект фінансаваўся са сродкаў фонду «Памяць.Адказнасць.Будучыня» (Германія) у супрацоўніцтве з міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемаразуменне» (Беларусь). Супрацоўнікі «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў гэтым праекце рабілі акцэнт на рэалізацыю ўнутранага патэнцыялу, гарманізацыю эмацыянальнага стану, усведамленне годнасці і значнасці для пераадольвання ізаляванасці ў грамадстве вышэйузгаданых катэгорый.
На працягу гэтых двух гадоў у межах праекту арганізоўваліся шматлікія мерапрыемствы: сумесныя адпачынкі, святы, семінары з трэнерам-псіхолагам, экскурсіі, конкурсы і іншае.
Адкрыў фінальную сустрэчу ксёндз Аляксандр Фаміных, дырэктар «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сярод гасцей прысутнічаў Алоіз Шмігельт, дырэктар «Мальтыйскай службы дапамогі».
Шмат здымкаў, цёплых уражанняў і новых знаёмстваў з’явілася за гэтыя гады. Таму на апошняй сустрэчы была зроблена выстава найлепшых здымкаў ад валанцёраў «Карытас». Пажылыя людзі з усмешкамі на тварах нанова «перажывалі» прыгожыя моманты гэтых 2 гадоў, перададзеныя ў фотавыставе.
Сустрэча круглага стола, які ў апошні раз аб’яднаў усіх удзельнікаў праекта, ператварылася ў цёплую размову аб мінулым і сучасным, аб вечных каштоўнасцях і моцы любові, якая дазваляе прабачыць, перажыць многае і глядзець на восень жыцця з аптымізмам.
Тыя валанцёры «Карытас», якія былі побач на працягу гэтых гадоў і актыўна ўдзельнічалі ў праекце, былі рады атрымаць вопыт ад старэйшага пакалення і актыўна ўключыліся ў дыскусію. «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі робіць акцэнт на развіццё валанцёрскай працы ў Беларусі, а ў гэтым праекце — і на перадачу каштоўнасцяў ад пакалення да пакалення.
На будучыню «Карытас» Мінскай-Магілёўскай архідыяцэзіі ў сваіх планах разглядае магчымасць працягу такіх сустрэч, бо яны вельмі падабаюцца старэйшым людзям і напаўняюць іх жыццё радасцю. Паводле cariras.by
(AG)
|