Кірмашы-ярмаркі ад клуба «Бэтэль» прайшлі ў Віцебску |
Дабрачыннасць |
24.12.2013 01:58 |
Напярэдадні святаў Божага Нараджэння ў дзвюх віцебскіх святынях — касцёле Святога Духа і катэдральным Езуса Міласэрнага былі праведзены калядныя выставы — кірмашы, падчас якіх супрацоўнікі гарадскога клуба ў Віцебску «Бэтэль» пры «Карытас» прадавалі вырабы, зробленыя сумесна з падапечнымі клуба — інвалідамі. З думкай пра такіх інвалідаў і распачаў сваю працу дзесяць гадоў таму ў Віцебску клуб «Бэтэль» пры «Карытас». Тут у нефармальнай i сямейнай атмасферы інваліды праводзяць некалькі гадзін у дзень, на працягу якіх займаюцца нечым карысным — вяжуць, шыюць, вышываюць, працуюць з бісерам. Зразумела, не ўсё адразу атрымліваецца, многія вучацца гэтаму вельмі доўгі час. «Гэта такое шчасце, калі бачыш, як яны змяняюцца, што ты можаш іх чамусьці навучыць», — дзеліцца адна з супрацоўніц клуба. Вось на калядных кірамашах-выставах і былі прадстаўлены вынікі працы падапечных «Бэтэль». На кірмашы можна было набыць самаробныя цацкі — мішак і катоў, елачкі, дрэвы з бісеру, калядныя паштоўкі, зробленыя на аснове малюнкаў падапечных «Бэтэль», імбірнае печыва. Віцебскія вернікі з ахвотай набывалі гэтыя вырабы, прычым многія — на падарункі. Aдчуваецца, што зроблена гэта ў атмасферы цеплыні і шчырасці. Як сказала адна з супрацоўніц клуба, яе падапечныя любяць іншага чалавека безумоўна, не за нешта, а проста таму, што ён ёсць. Яны не хлусяць і не зайдросцяць — яны сапраўды як дзеці, такія ж радасныя і непасрэдныя. І вырабы, зробленыя імі, трохі наіўныя, але вельмі пазітыўныя. Кацярына Лаўрыненка
|
Фотарэпартаж |