|  10-11 красавіка ў Мінску адбыўся ІІ Рэспубліканскі сацыяльны форум “Сацыяльная згуртаванасць у імя ўсеагульных інтарэсаў”. У форуме ўдзельнічалі прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай уладаў, грамадскіх арганізацый, бізнес-супольнасцяў, а таксама прадстаўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас”.
 Арганізатарамі форума выступілі Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Й. Рау і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.
 Ад імя “Карытас” удзельнічалі дырэктар Нацыянальнага “Карытас” кс. Віктар Гайдукевіч SDB, дырэктар “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Аляксандр Фаміных, намеснік дырэктара Нацыянальнага “Карытас” Кацярына Мароз, мэнэджэр па праектах “Карытас-Міласэрнасць” Пінскай дыяцэзіі.
 
 У межах форума праводзіліся абмеркаванні ў секцыях, на выставачных стэндах, прайшлі майстар-класы.
 
 У ходзе секцыйных пасяджэнняў удзельнікі адзначылі такія прыярытэтныя накірункі ўдасканальвання і павышэння эфектыўнасці сацыяльнай сферы, як развіццё рынку сацыяльных паслуг, дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сацыяльнай сферы і падтрымка доступу недзяржаўнага сектару да аказання сацыяльных паслуг, павышэнне эфектыўнасці інвестыцый у ахову здароўя і развіццё канкурэнтаздольнасці айчыннай адукацыі.
 
 Прысутныя адзначылі асноўныя тэндэнцыі ў сацыяльнай сферы, а таксама выпрацавалі канкрэтныя прапановы і рэкамендацыі па вырашэнні актуальных сацыяльных праблем і павышэнні эфектыўнасці рэалізацыі сацыяльнай палітыкі дзяржавы і прынялі рашэнне па забеспячэнні выканання гэтых рэкамендацый. Між іншым, удзельнікі вырашылі:
 
 - працягнуць практыку правядзення рэспубліканскіх сацыяльных форумаў як пляцоўкі для абмеркавання тэндэнцый, стратэгій і ініцыятыў у сацыяльнай сферы і зрабіць іх рэгулярнымі
 - прызнаць неабходнасць стварэння калегіяльнага органу сацыяльных арганізацый
 - даручыць аргкамітэту форума разам з калегіяльным органам сацыяльных арганізацый да 30 красавіка дапрацаваць рэзалюцыю форума
 - распаўсюдзіць рэзалюцыю сярод прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, мясцовага самакіравання, дзяржаўных установаў, некамерцыйных арганізацый, бізнес-структур, навуковай супольнасці і СМІ
 - прадставіць справаздачу аб выніках выканання рэзалюцыі на чарговым рэспубліканскім форуме і г.д.
 (AG)          
   |