«Карытас» у чарговы раз прапаноўвае дзецям адпачынак за мяжой |
Дабрачыннасць |
30.07.2014 15:13 |
Для дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі стала добрай традыцыяй спрыяць у арганізацыі адпачынку за мяжой для беларускіх дзяцей і моладзі. У гэтым годзе 120 дзяцей наведаюць такія месцы ў Польшчы, як Лодзь, Элк і Кельцэ, а таксама «Хаўс Нідэрмюлен» у Германіі. Як паведаміла намеснік дырэктара «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Вольга Лабуць, больш за 120 дзяцей з парафій архідыяцэзіі адпачылі ці яшчэ адпачнуць у Польшчы і Германіі. Гэта дзеці з Гатава, Лошыцы, Клецка, Крупак, Узды. У склад груп уваходзяць «сіблінгі» (дзеці з сем'яў, дзе адзін з дзяцей інвалід). Для 34 дзяцей, як распавяла намеснік дырэктара архідыяцэзіяльнага «Карытас», арганізаваны адпачынак у Германіі, у моладзева-хрысціянскім летніку «Хаўс Нідэрмюлен». Адна група пад кіраўніцтвам педагога, перакладчыка і аніматара адпачывае з 20 ліпеня па 2 жніўня, а другая паедзе на адпачынак у перыяд з 3 па 18 жніўня. У склад груп увайшлі дзеці з парафій Сухарава (Мінск), Барысава, Мядзеля, Слуцка, Салігорска. Падчас такога адпачынку дзеці змяняюць звыклыя для сябе абставіны, пазнаюць культуру і традыцыі іншых краін. Для іх праводзяцца экскурсіі, выезды ў забаўляльныя цэнтры і гістарычныя месцы. Апрача таго, дзеці знаёмяцца з цікавымі людзьмі, займаюцца спортам, вучаць мову краіны, якая запрасіла іх да сябе. (AYU) |