Для сем’яў, дзеці ў якіх маюць праблемы са слыхам, супрацоўнікамі дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» сумесна з дабрачынным гуманітарным фондам «Гармонія гукаў» на Дзень маці было падрыхтавана свята. Для дзяцей і іх бацькоў арганізавалі экскурсію ў музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі».
Для гэтых дзяцей наведванне такіх экскурсій сумесна з дзецьмі са звычайных школ немагчыма, бо яны маюць патрэбу ў суправаджэнні.
З прывітальным словам да бацькоў і дзяцей звярнуўся дырэктар Нацыянальнага «Карытас» кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Святар павіншаваў усіх маці са святам, пажадаў добрага настрою і радасці, а таксама дадаў, што склалася вельмі добрая традыцыя адзначаць гэтае свята суместна з дабрачынным гуманітарным фондам «Гармонія гукаў» і бацькамі. Ксёндз Віктар Гайдукевіч выказаў надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва і жаданне праводзіць сумесныя акцыі і ў будучыні.
Падчас экскурсіі дзеці і іх бацькі даведаліся шмат цікавага з гісторыі беларускага краю, мелі таксама магчымасць акунуцца ў займальны свет старадаўняга побыту і прафесій і прадэгуставаць самабытныя стравы. Ад таварыства «Карытас» дзеці атрымалі каштоўныя падарункі, адным з якіх былі батарэйкі для слыхавога апарата, без якога яны не маюць магчымасці быць паўнапраўнымі ўдзельнікамі грамадства.
Наталля, маці аднаго з выхаванцаў фонда «Гармонія гукаў», падзялілася, што ёй вельмі падабаюцца святы, арганізаваныя сумесна з «Карытас». «У мінулым годзе прымала ўдзел у канцэрце, і ён мне вельмі спадабаўся, свята было проста дзівоснае», — прызналася яна. Наталля лічыць, што такія мерапрыемствы вельмі карысныя як для дзяцей, якія могуць пагутарыць, так і для бацькоў, бо яны пазнаюць шмат новага. «У першую чаргу хочацца падзякаваць “Карытас” за свята і падарункі. Жадаю вам поспехаў і ўсяго самага найлепшага», — сказала жанчына.
Падчас пікніку для бацькоў карысным момантам была размова з педагогамі фонда «Гармонія гукаў» на тэму «Актуальныя пытанні слыхамаўленчай рэабілітацыі дзяцей з КІ (кахліярнымі імплантатамі)» і магчымасць падзяліцца вопытам і набыць новыя веды адносна гэтага пытання. А для дзяцей валанцёры падрыхтавалі цікавыя гульні і сюрпрызы. Сем’і ад’язджалі са свята поўныя радасці.
Вольга Перадкова
|