Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылася калядная сустрэча для супрацоўнікаў і валанцёраў «Карытас»
Дабрачыннасць
19.12.2014 12:28

18 снежня ў Цэнтры св. Лукі адбылася калядная сустрэча для супрацоўнікаў і валанцёраў дабрачыннага таварыства «Карытас». У сустрэчы прынялі ўдзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, дамаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Сустрэча распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Дырэктар Нацыянальнага «Карытас» кс. Віктар Гайдукевіч SDB у прывітальным слове адзначыў: «Сёлетняя сустрэча мае для нас асаблівы і ўрачысты характар, таму што, па-першае, разам з намі прадстаўнік Папы Францішка — Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, праз якога мы адчуваем лучнасць са Святым Айцом. Па-другое, таму што сёння радасць з Нараджэння Хрыста раздзяляюць з намі асобы, якія ў першую чаргу адказваюць за справу міласэрнасці ў нашай краіне. Гэта нашыя дастойныя пастыры: дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і дамаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі».

«Карытас — гэта выраз нашай жывой веры. А жывой веры няма без яе выражэння ў ахвярнай любові на карысць іншых, больш патрабуючых за нас, — падкрэсліў кс. Віктар Гайдукевіч. — Як і заўсёды, нашую сустрэчу мы распачынаем святой Эўхарыстыяй, каб падзякаваць Богу за здзейсненую працу ў мінулым годзе і прасіць аб патрэбных Божых ласках на наступны».

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў гаміліі распавёў аб важнасці дзейнасці, якую «Карытас» ажыццяўляе ў Беларусі, бо яна адрозніваецца сваёй спецыфікай ад патрэб у іншых краінах свету, і аб тым, што трэба ўвесь час разважаць аб больш эфектыўных формах дапамогі бліжнім, павялічваючы такім чынам свой патэнцыял. Іерарх падкрэсліў, што «Карытас» з’яўляецца «сэрцам Касцёла», і пажадаў, каб сэрцы тых, хто працуе ў «Карытас», палалі агнём любові да бліжняга, бо супрацоўнікі дабрачыннага таварыства найбольш блізка да патрабуючых.

«Вы з’яўляецеся візітнай картачкай Каталіцкага Касцёла ў Беларусі», — дадаў Апостальскі Нунцый, звяртаючыся да прысутных, і пажадаў, каб супрацоўнікі таварыства як арганізацыя не былі закрыты ў сабе і не ператвараліся ў «гетта», але адкрывалі сэрцы на патрэбы іншых і імкнуліся любіць кожнага, нягледзячы на адрозненні і не чакаючы, што іншыя стануць падобнымі да іх.

Пасля Імшы адбылося дзяленне аплаткай. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці павіншаваў усіх з надыходзячым святам Божага Нараджэння. У сваю чаргу супрацоўнікі і валанцёры «Карытас» выказалі шчырыя словы віншавання прысутным іерархам і ўручылі кожнаму падарункі.

Па традыцыі на каляднай сустрэчы дырэктары ўсіх «Карытас» падзяліліся вынікамі сваёй працы за мінулы год і планамі на будучыню. Кожны з іх у справаздачы вызначыў найбольш яскравыя моманты дзейнасці сваіх арганізацый за год. Такім чынам, можна адзначыць, што праца «Карытас» у Беларусі прыносіць плёны ўсім патрабуючым.

Афіцыйная частка мерапрыемства скончылася словамі віншаванняў і благаслаўлення біскупа Юрыя Касабуцкага і біскупа Юзафа Станеўскага. Сустрэча працягнулася святочным абедам.

Паводле www.caritas.by

(AG)

 

 

Фота www.caritas.by

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Дабрачыннасць

17.10 18:02«Прыдумай налепку для свечкі»: «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі праводзіць конкурс на лепшы дызайн
07.10 16:45Валанцёры «Чыстага сэрца» прынялі ўдзел у запісе перадачы «Для тых, хто дома» на «Беларускім радыё»
01.10 15:11У Івянцы асвяцілі будынак парафіяльнага цэнтра «Карытас»
30.08 11:56«Карытас» правёў у Бабруйску акцыю «Дапаможам дзецям сабрацца ў школу»
24.08 15:55Дабрачыннае таварыства «Карытас» арганізавала для дзяцей адпачынак у Бельгіі
25.07 13:39Аршанскі мясакансервавы камбінат ахвяраваў дзіцячае харчаванне «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
06.04 09:48Дзень «Caritas» Гродзенскай дыяцэзіі прайшоў у Астраўцы
06.04 09:15«Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі завяршыў першы этап дабрачыннай акцыі «Святло Міласэрнасці»
28.03 15:27Дабрачынную акцыю арганізавала на Вялікдзень «Caritas» Віцебскай дыяцэзіі
05.03 17:19Валанцёры «Caritas» і «Віцебскія дзяўчаты» наведалі Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў