1 кастрычніка кс. Аляксандр Фамяных завяршыў сваё служэнне ў якасці дырэктара Рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Абавязкі дырэктара святар выконваў з 20 лютага 2009 г.
Больш за шэсць гадоў кс. Аляксандр Фамяных кіраваў дзейнасцю вялікай арганізацыі, якая паклікана выконваць сацыяльную місію Каталіцкага Кацела. Гэта праца няпростая і вельмі адказная, бо не так лёгка адначасова кіраваць калектывам, гаспадаркай, супрацоўнічаць з дзяржавай, з замежнымі партнёрамі, адказваць на просьбы патрабуючых. Як адзначае калектыў «Карытас», ксёндз Аляксандр — чалавек харызматычны — самааддана ўключаўся ў працу.
Апошнія гады, як кажуць супрацоўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства, былі не самымі простымі для «Карытас»: паўплываў і сусветны фінансавы крызіс, і пераарыентацыя еўрапейскіх партнёраў на дапамогу больш бедным краінам, і розныя змяненні ў беларускім заканадаўстве. Аднак ксёндз Аляксандр, па словах супрацоўнікаў «Карытас», годна выконваў свае абавязкі — арганізацыя працавала і працуе адпаведна мэтам яе стварэння: дзейнічае Дзіцячы цэнтр св. Лукі, дзе на дабрачыннай аснове жывуць дзеці з анкалагічнымі захворваннямі з розных куткоў Беларусі, ладзяцца мерапрыемствы для дзяцей і моладзі з асаблівасцямі развіцця, праходзяць рэкалекцыі і духоўныя сустрэчы, працуюць майстэрні для людзей з асаблівасцямі развіцця ў рэгіенах Мінскай і Магілёўскай абласцей, аказваецца гуманітарная дапамога. І гэта далёка не ўсё, што робіцца сіламі арганізацыі, якую больш за шэсць гадоў узначальваў кс. Аляксандр Фамяных.
Калектыў «Карытас» выказвае святару шчырую падзяку за гады, якія яны працавалі разам. «Гэта быў цікавы час, не без выклікаў, не без цяжкасцяў, але напоўнены таксама і прыемнымі момантамі. Мы многае перажылі разам, многаму навучыліся», — адзначаюць супрацоўнікі і жадаюць, каб гэты час быў светлай старонкай у памяці святара, каб Бог благаславіў яго ў працы на новым месцы і каб яго сэрца напаўнялася радасцю той душпастырскай працы, па якой ён часам сумаваў у «Карытас». (AG)
|