Валанцёры гродзенскага «Caritas» павіншавалі пацыентаў артапеда-траўматалагічнага аддзялення дзіцячай абласной бальніцы |
Дабрачыннасць
|
28.12.2015 17:39 |
27 снежня валанцёры дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» у Гродне віншавалі маленькіх пацыентаў артапеда-траўматалагічнага аддзялення дзіцячай абласной бальніцы са святамі Божага Нараджэння і надыходзячага Новага года.
Праект «Анёлы дабра», у межах якога валанцёры наведваюць дзяцей у траўматалогіі, існуе амаль два гады. Кожную нядзелю з 17 да 19 гадзін валанцёры прыходзяць і дапамагаюць дзецям зрабіць іх прабыванне ў бальніцы больш цікавым: малююць з імі, гуляюць у разнастайныя гульні, чытаюць, майструюць вырабы і г.д.
Гэтае нядзельнае наведванне было не зусім звычайным. Акрамя валанцёраў, дзяцей прыйшоў павіншаваць святы Мікалай. Яго наведванні дзяцей у гэтым праекце становяцца ўжо штогадовай традыцыяй. Святы Мікалай абыйшоў усе палаты, пагаварыў з кожным дзіцём, спеў з дзецьмі песні, уручыў усім салодкія падарункі і разам з валанцёрамі пажадаў ім хутчэйшага выздараўлення. Маленькія пацыенты засталіся вельмі задаволенымі, бо прыход святога Мікалая стаў для іх вялікім і вельмі прыемным сюрпрызам.
Бачыць усмешкі дзяцей было для валанцёраў гродзенскага «Caritas» незвычайным шчасцем і лепшай узнагародай, таму што асноўная мэта праекта — падарыць дзецям станоўчыя эмоцыі, якіх у бальніцы так не хапае.
Марыя Янкевіч, (AG)
|
Фотарэпартаж |