У Беларусь прыбылі Дары Трох Каралёў |
Беларуская Праваслаўная Царква
|
17.01.2014 22:35 |
17 студзеня ў Беларусь упершыню прыбылі Дары Трох Каралёў. Святыня, якая мае непасрэднаe дачыненне да зямнога жыцця Хрыста, была дастаўлена з манастыра святога Паўла (гара Афон).
Як інфармуе афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы, каўчэг з Дарамі сустрэў у Нацыянальным аэропорце Мінска вікарый Мінскай епархіі епіскап Барысаўскі Веніямін.
Потым Дары прыбылі ў храм сталічнага Дома міласэрнасці, дзе іх чакаў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел і шматлікія вернікі. Патрыяршы Экзарх узначаліў перад каўчэгам малебен.
Дары будуць выстаўлены для пакланення ў царкве пры Доме міласэрнасці да 24 студзеня. З 18 па 23 студзеня доступ да святыні будзе адкрыты з 8.00 да 22.00. 24 студзеня з раніцы доступ да Дароў будзе спынены, у гэты дзень святыня скіруецца ў Кіеў.
Гэта адны з нямногіх рэліквій, звязаныя з зямным жыццём Хрыста, якія захаваліся да нашых дзён. Прынясенне святыні ажыццяўляецца па благаслаўленні Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. У адпаведнасці з паданнем да IV ст. Дары Трох Каралёў захоўваліся ў Ерузалеме, адкуль былі перанесены ў Канстанцінопаль, а пасля на Афон, дзе знаходзяцца да сённяшняга часу.
Святыня ўяўляе сабой дары, якія мудрацы з Усходу прынеслі нованароджанаму Езусу. Золата захавалася ў выглядзе 28 невялікіх падвесак рознай формы, упрыгожаных арнаментам. Да кожнай з гэтых залатых пласцін на сярэбранай нітцы прымацаваны бусіны, якія складаюцца з сумесі кадзіла і міры.
(AG)
|