19 лютага ў Гродне адкрыўся XIII Міжнародны фестываль праваслаўных спеваў “Коложский благовест”. З боку Каталіцкага Касцёла на адкрыцці прысутнічаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Як адзначыў падчас урачыстай цырымоніі архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, гэты фестываль можна назваць “духоўнай вясной”, “таму што спевы – самая непасрэдная малітва, прамы зварот чалавека да Бога, які часта немагчыма растлумачыць простай чалавечай мовай, але можна апець у музыцы”.
Па словах біскупа Юзафа Станеўскага, якія прыводзіць сайт Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, “ужо сама назва “благовест” гаворыць пра Добрую Навіну, з якой прыйшоў да нас Езус Хрыстус”. “Усё тое, што мы пачулі сёння, пераплятаецца з той радасцю, вясной, якую мы бачым у прыродзе. Прырода абвяшчае радасць, як быццам вызваляецца з-пад прыгнёту снегу, марозу. І гэтая радасць, цеплыня, якую мы сёння пачулі, - гэта ўжо слова чалавека, які хоча сказаць Богу пра сваё існаванне, - сказаў іерарх. – Таму кожная песня, кожны твор, якія выконвалі салісты, - гэта радасць, “добрая навіна”, гэта абвяшчэнне Евангелля ў сённяшнім свеце”. “Вельмі радасна, што сёння тут сабралася так шмат людзей, што чалавек сёння прагне той песні, той мелодыі, якая ідзе ад Бога да чалавека”, - дадаў біскуп.
Як інфармуе БелТА, з 20 лютага ў Гродне пачынаюцца конкурсныя праслухоўванні харавых калектываў, а таксама пазаконкурсныя канцэрты. У фестывалі сёлета ўдзельнічаюць 37 калектываў з 6 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Румыніі і Арменіі. Урачыстае закрыццё фестывалю адбудзецца 22 лютага, чакаецца, што ў ім прыме ўдзел Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел.
У гэтым годзе “Коложский благовест” праходзіць у межах акцыі “Гродна – культурная сталіца Беларусі”. (AG)
|