Адзін дзень, 27 сакавіка, у Мінску будзе прадстаўлены крыж Еўфрасінні Полацкай |
Беларуская Праваслаўная Царква
|
27.03.2014 11:01 |
Адзін дзень, 27 сакавіка, адноўлены крыж Еўфрасінні Полацкай – вялікая беларуская святыня – будзе прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Рэліквію прывезлі спецыяльна для выставачнага праекта “Десять веков искусства Беларуси”.
Крыж у суправаджэнні манахінь Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра прыбыў у Мінск 26 сакавіка. Убачыць рэліквію, як інфармуе БелТА, можна будзе з 11 да 21 гадзіны.
Крыж быў створаны па замове св. Еўфрасінні Полацкай для Спаскага манастыра ў Полацку майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. У яго былі ўкладзены частка Дрэва Крыжа Пана з кропляй Крыві Збаўцы, часткі камянёў Гробу Пана і грабніцы Маці Божай, часткі парэшткаў першамучаніка Стэфана, велікамучаніка Панцелеймона і кроплі крыві велікамучаніка Дзімітрыя Салунскага.
Аднавіць усеправаслаўную святыню, якая бясследна знікла ў час Другой сусветнай вайны, было вырашана ў 1992 г. у ходзе святкавання 1000-годдзя Полацкай епархіі. Праца была даручана брэсцкаму мастаку-ювеліру Мікалаю Кузьмічу і працягвалася 5 гадоў, пры гэтым выкарыстоўваліся такія ж матэрыялы, тэхніка і ўпрыгажэнні, як некалі Лазарам Богшам. У 1997 г. адноўлены крыж, які асвяціў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, быў унесены ў храм Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку.
Святыня была ў Мінску таксама ў 2010 г. у межах святкавання ў Свята-Духавым кафедральным саборы 75-годдзя Мітрапаліта Філарэта. (AG)
|