28 верасня ў Мінск са Свята-Троіцкага жаночага манастыра ў Сімферопалі
прыбыў каўчэг з рэліквіямі свяціцеля Лукі, архіепіскапа Сімферопальскага
і Крымскага, паведамляецца на church.by.
Малебен перад святыняй па благаслаўленні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Паўла здзейсніў епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім разам з настаяцелем сталічнага прыхода Усіх Святых протаіерэем Феадорам Поўным.
У малітве ўдзельнічалі настаяльніца Свята-Троіцкага манастыра Сімферопаля ігумення Еўсевія (Пальчык), клірык Свята-Троіцкага манастыра протаіерэй Васілій Смерэка, пілігрымы, супрацоўнікі аэрапорта.
Пасля малебна вернікі атрымалі магчымасць пакланіцца рэліквіям Крымскага свяціцеля.
Потым рэліквіі былі перанесены ў святыню праведнага Ёва Шматпакутнага (вул. Ф. Скарыны, 11 — Дом Міласэрнасці), дзе ў перыяд з 29 верасня па 13 кастрычніка вернікам можна будзе пакланіцца рэліквіям штодзённа з 8:00 да 22:00.
Даведка: Свяціцель Лука (Валянцін Феліксавіч Война-Ясенецкі) нарадзіўся 27 красавіка 1877 года ў горадзе Керч у сям’і аптэкара. З дзяцінства меў талент мастака, але жыццё прысвяціў медыцыне.
Навучаўся ў Кіеўскім універсітэце.
У 1904 годзе пачаў працаваць хірургам на Далёкім Усходзе падчас руска-японскай вайны. Там сустрэўся са сваёй будучай жонкаю — Ганнай Васільееўнай Ланской.
Валянцін Война-Ясенецкі займаўся навуковай дзейнасцю і ў 1915 годзе выпусціў манаграфію «Рэгіянальная анэстэзія», якую адзначылі прэміяй Варшаўскага ўніверсітэта.
Пасля смерці жонкі Война-Ясенецкі цалкам сышоў у працу. Разам з тым увесь час наведваў царкву, выступаў на багаслоўскіх сходах. Аднойчы епіскап Ташкенцкі і Туркестанскі Інакенцій (Пустынскі) сказаў: «Доктар, вам трэба быць святаром!» Валянцін Феліксавіч, не раздумваючы, адказаў: «Добра, уладыка! Буду святаром, калі на гэта Божая воля!» Айцец Валянцін сумяшчаў святарства з дзейнасцю навукоўца і хірурга.
У 1923 годзе прыняў пострыг з іменем апостала, евангеліста і жывапісца Лукі. У гэтым жа годзе быў прызначаны епіскапам.
Тройчы быў арыштаваны і цярпеў ссылкі.
Пасля трэцяй ссылкі быў прызначаны галоўным хірургам краснаярскага эвакуацыйнага шпіталя. У 1942 годзе быў узведзены ў сан архіепіскапа.
На крымскія землі прыбыў у 1946 годзе, дзе, з’яўляючыся епіскапам, працягваў медыцынскую практыку.
Адышоў у вечнасць 11 чэрвеня 1961 года, пахаваны ў Сімферопалі.
|