У Гродне 11 лютага распачнецца XIV Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў «Каложскі благавест» |
Беларуская Праваслаўная Царква
|
06.02.2015 11:16 |
Прыхадскія і свецкія харавыя калектывы з Беларусі, Румыніі, Расіі, Украіны, Малдовы, Польшчы і Літвы прымуць удзел у XIV Міжнародным фестывалі праваслаўных песнапенняў «Каложскі благавест», які пройдзе ў Гродне з 11 па 14 лютага.
Пра гэта са спасылкай на сайт Гродзенскай праваслаўнай епархіі паведамляе партал sobor.by.
Дэбютантам фестывалю стане Малдова.
У конкурснай праграме будуць выступаць хоры дзіцячых нядзельных школ, прыхадскія хоры і ансамблі, аматарскія дзіцячыя і дарослыя калектывы.
У межах фестывалю 8 лютага ў Барысаглебскай царкве распачне працу выстаўка ікон сучасных іканапісцаў. У гэты ж дзень пройдзе прэзентацыя кнігі члена Асацыяцыі звонавага мастацтва Расіі Алены Шацько «Званы праваслаўных святыняў Заходняй Беларусі». Таксама падчас фестывалю запланаваны фотавыстаўкі, кіналекторыі, вечары духоўнай паэзіі і аўтарскай песні.
Упершыню фестываль праваслаўных песнапенняў адбыўся ў Гродне ў 2002 годзе і быў прымеркаваны да 10-годдзя адраджэння Гродзенскай праваслаўнай епархіі. Назву «Каложскі благавест» фестываль атрымаў у 2008 годзе. Яго мэта — захаванне і развіццё пеўчай праваслаўнай культуры, павышэнне ўзроўню праваслаўных песнапенняў у прыхадскіх і свецкіх калектывах. (IL)
|