У Гродне распачаўся XIV Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў |
Беларуская Праваслаўная Царква |
13.02.2015 13:55 |
«Вось ужо ў чатырнаццаты раз фестываль царкоўных песнапенняў прыходзіць у наш старажытны горад, — звярнуўся да прысутных у гэты вечар у гродзенскім драмтэатры архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, — «Каложскі дабравест» — гэта зварот не толькі да адной культуры, гэта, перш за ўсё заклік вярнуцца да духоўнасці. Бо ад нашага духоўнага стану залежыць усё наша жыццё. Сёння гаворыцца шмат слоў і адабрэння і папроку ў бок Царквы. Але Царква гэта не толькі епіскап і некалькі святароў — гэта мы з вамі. Кожны ахрышчаны чалавек адказвае за падзеі царкоўнага жыцця». Архіепіскап адзначыў, што спадзяецца, што фестываль паспрыяе адзінству. У фестывалі ўдзельнічаюць хоры нават з самых маленькіх вёсак, асабліва ў першым туры, які праводзіцца па традыцыі на Каляды». З прывітальнай прамовай выступіў і старшыня Галоўнага ўпраўлення па ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Павел Скрабко, а таксама былі зачытаныя звароты міністра культуры Беларусі Барыса Святлова і Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі. Кульмінацыяй цырымоніі адкрыцця стала выкананне араторыі мітрапаліта Іларыёна (Алфеева) «Жарсці па Мацвею». Гэта манументальны твор для салістаў, хору і аркестра. У аснову твора пакладзена апавяданне з Евангелля паводле Мацвея, прысвечанае мукам і смерці Езуса Хрыста. Фрагменты Евангелля чаргуюцца з музычнымі нумарамі — рэчытатывамі, хорамі, і арыямі, тэкст якіх запазычаны галоўным чынам з праваслаўнага набажэнства Вялікага тыдня. Выконваў знакамітую араторыю Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Гродзенская капэла». Два наступныя дні працы фестывалю будуць прысвечаны конкурсным праслухоўванням ўдзельнікаў. Акрамя таго, вечарам 12 і 13 лютага адбудуцца пазаконкурсныя выступленні харавых калектываў. Пераможцы конкурсу будуць абвешчаны на заключным гала-канцэрце фестывалю 14 лютага.
Паводле orthos.org, (AYU) |