Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Філарэт уганараваны ордэнам свяціцеля Алексія 1-й ступені
Беларуская Праваслаўная Царква
23.03.2015 15:16

Мітрапаліт Філарэт, ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, уганараваны ордэнам Рускай Праваслаўнай Царквы свяціцеля Алексія, Мітрапаліта Маскоўскага, 1-й ступені.

Аб гэтым паведамляе БЕЛТА.

Ордэн ад імя Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ўручыў Мітрапаліту Філарэту Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел 22 сакавіка падчас урачыстага вечара з нагоды 80-годдзя ганаровага Патрыяршага Экзарха.

«Адзін толькі пералік пасадаў, якія займаў Мітрапаліт Філарэт за паўвекавы перыяд іерархічнага служэння, пераканаўча сведчыць аб неардынарнасці асобы і важкім укладзе ў развіццё жыцця Рускай Праваслаўнай Царквы ў найноўшай гісторыі. Асаблівай удзячнасці заслугоўваюць стваральныя працы ганаровага Экзарха, накіраваныя на ўсебаковае развіццё епархій і прыходаў БПЦ, — гаворыцца ў віншаванні Патрыярха Кірыла. — Мітрапаліт Філарэт заўсёды ўдзяляў належную ўвагу духоўна-маральнаму выхаванню падрастаючага пакалення, канструктыўна ўзаемадзейнічаў са свецкай уладай, дзеячамі навукі, адукацыі і культуры».

Падзвіжніцкая асветніцкая дзейнасць ганаровага Патрыяршага Экзарха, яго вялікі асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага і расійскага народаў адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі — медалём і ордэнам Францішка Скарыны, ордэнамі Айчыны ІІІ ступені, Гонару, Дружбы народаў, расійскім ордэнам «За заслугі перад Айчынай» IV ступені і іншымі.

У 2003 г. іерарх быў абраны ганаровым грамадзянінам Мінска, у 2004 г. — Полацка, у 2006 г. Мітрапаліту Філарэту было нададзена званне «Герой Беларусі». За вялікі асабісты ўклад у адраджэнне, захаванне, развіццё культурнай і духоўнай спадчыны краіны і ў сувязі з 75-годдзем у 2010 г. Мітрапаліту была аб’яўлена падзяка Прэзідэнта Беларусі.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.