24 кастрычніка ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Філарэт адзначыў 50-годдзе епіскапскага пасвячэння. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў праваслаўнага іерарха з Рыма, дзе прымае ўдзел у Сінодзе Біскупаў на тэму сям’і.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч кажа ў віншаванні, што “на працягу двух пакаленняў на розных пасадах” Мітрапаліт Філарэт “верна і мужна выконваў і працягвае выконваць служэнне наступніка апосталаў”.
Поўны тэкст віншавання>>>
“Божы Провід паслаў Вас у Беларусь у цяжкія часы ганенняў на Царкву, калі неабходна было захоўваць веру і знаходзіць шляхі для яе ўмацавання. Потым прыйшоў час адраджэння. Дзякуючы Вашым намаганням Праваслаўная Царква не толькі паспяхова пераадолела наступствы атэістычнага рэжыму, але і дынамічна развіваецца, аб чым сведчаць паўсталыя з руінаў і пабудаваныя новыя храмы, манастыры, навучальныя ўстановы, выдавецкая, дабрачынная, міратворчая дзейнасць і многае іншае”, - піша Мітрапаліт Кандрусевіч.
“Дзякуючы Вашым старанням у Беларусі ўсталяваліся вельмі добрыя адносіны з рознымі веравызнаннямі, асабліва з Каталіцкім Касцёлам, - дадае арцыбіскуп. – Сваім служэннем Праваслаўнай Царкве, нашаму грамадству, а таксама на ніве міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялогу Вы здабылі глыбокую павагу не толькі ў нашай Айчыне, але і за мяжой, стаўшы такім чынам знакавай постаццю ў сучасным хрысціянскім свеце”.
“Ад усяго сэрца дзякую Вам за Вашу адкрытасць дыялогу і супрацоўніцтву, асабліва ў справе абароны маральных каштоўнасцяў, што вельмі важна ў наш секулярны час, і прапаведванні заўсёды жывога і дзейснага Евангелля”, - гаворыцца ў віншаванні.
(AG)
|