Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім: «Узнаўленне адзінства заўсёды будзе мэтай, да якой павінны імкнуцца Цэрквы і супольнасці»
Беларуская Праваслаўная Царква
18.01.2016 11:10

«Сёння мы, хай і не дасягнуўшы яшчэ паўнаты адзінства, маем нашмат больш агульнага, чым таго, што нас раздзяляе», — адзначыў епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім, старшыня Сінадальнага аддзела Беларускага Экзархату па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства, у каментарыі для Catholic.by з нагоды Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, які з 18 па 25 студзеня праходзіць ва ўсім свеце.

«Вытокі нашай веры адны»

«Перад намі сёння стаяць агульныя задачы — абарона традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў, захаванне жыцця, пытанне міру на зямлі, экалагічная праблема, захаванне помнікаў хрысціянскай культуры ў нашай краіне, захаванне хрысціян, якія падвяргаюцца пераследу па ўсім свеце, і многае іншае», — дадаў праваслаўны іерарх.

Паводле слоў епіскапа Серафіма, «вытокі нашай веры адны»: «Гісторыя наша вялікая і складаная, у пэўны момант адбыўся раздзел. Думаю, што кожны нармальны чалавек, хрысціянін, усведамляе недасканаласць такое сітуацыі.

Асабліва гэта балюча для беларуса, які жыве на стыку культур і традыцый, калі часам у адной сям’і сужэнцы належаць да розных хрысціянскіх вызнанняў».

Епіскап адзначыў, што праваслаўныя хрысціяне падчас кожнай Боскай літургіі моляцца аб адзінстве святых Божых Цэркваў, аб злучэнні ўсіх.

«Асабліва ў дні вялікіх хрысціянскіх святаў, узгадваючы прышэсце ў свет Госпада Ісуса Хрыса, Яго Крыж і Уваскрасенне, мы, праваслаўныя і католікі, не можам не адчуваць нашу блізкасць паміж сабою, а таксама і з іншымі хрысціянамі», — дадаў епіскап Серафім.

Ці ёсць будучыня ў міжхрысціянскага супрацоўніцтва?

«У Беларусі мы праводзім сумесныя з католікамі навуковыя канферэнцыі, семінары, круглыя сталы. Студэнты — выпускнікі багаслоўскіх навучальных устаноў — праходзяць стажыроўкі ў каталіцкіх багаслоўскіх цэнтрах. Я сам прайшоў трохмесячную стажыроўку ў Інстытуце Усходніх Цэркваў у Рэгенсбургу — установе Канферэнцыі Біскупаў Германіі. Багаслоўская навука — гэта аснова дыялогу і шляху да пераадолення рознагалоссяў», — упэўнены праваслаўны іерарх.

Прыгадваючы словы старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліта Іларыёна, епіскап сказаў: «"Ці ёсць будучыня ў міжхрысціянскага супрацоўніцтва?" — звяртаецца з пытаннем у адным сваім выступленні Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён... — Няхай хрысціяне задаюць яго сабе часцей, прыгадваючы аб вялікай адказнасці, даверанай нам Хрыстом.

Задача ўзнаўлення адзінства заўсёды будзе мэтай, да якой павінны імкнуцца Цэрквы і супольнасці».

«Толькі важна пры гэтым нам, хрысціянам, памятаць, што дасягненне адзінства магчыма толькі на аснове біблейскіх нормаў і каштоўнасцяў хрысціянскай маралі і богаадкрытых ісцін», — заключыў епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім.

(IL), (JM)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.