Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чым з’яўляюцца і якія існуюць учынкі міласэрнасці? Праект Сatholic.by на Вялікі пост

Рэдакцыя Сatholic.by у час Вялікага посту прапануе новы праект — цыкл разважанняў на тэму ўчынкаў міласэрнасці адносна цела і адносна душы. Гэтая тэма тым больш актуальная ў кантэксце Юбілейнага Года Міласэрнасці, які пачаўся ў Паўсюдным Касцёле 8 снежня.

Папа Францішак запрашае адкрыцца на прыняцце Божага прабачэння, каб увайсці ў міласэрныя абдымкі Айца. Пантыфік заахвочвае нас таксама ў гэты асаблівы час нанова асэнсаваць учынкі міласэрнасці адносна цела і адносна душы, каб быць «міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36).

«Я горача жадаю, каб хрысціяне задумаліся падчас Юбілею над учынкамі міласэрнасці адносна цела і адносна душы. Гэта стане нагодай абудзіць нашае сумленне, якое часта спіць перад абліччам драмы ўбоства, і заглыбіцца яшчэ больш у сэрца Евангелля, дзе ўбогія маюць прывілей у Божай міласэрнасці. Прапаведаванне Езуса прадстаўляе гэтыя ўчынкі міласэрнасці, каб мы маглі пазнаць, ці мы жывём як Яго вучні, ці не», — піша Папа Францішак (булa Misericordiae Vultus).

Што такоe ўчынкі міласэрнасці?

Франс II Франкен (малодшы): Cем учынкаў міласэрнасці, 1605 год

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што ўчынкамі міласэрнасці называюцца справы міласэрнасці, праз якія мы прыходзім з дапамогай нашаму бліжняму ў патрэбах яго цела і душы. Павучаць, раіць, суцяшаць, умацоўваць, як і прабачаць і цярпліва зносіць крыўды — гэта ўчынкі міласэрнасці адносна душы.

Учынкі міласэрнасці адносна цела засноўваюцца асабліва на тым, каб накарміць галодных, бяздомным даць дах над галавой, адзець нагіх, адведаць хворых і вязняў, пахаваць памерлых. Сярод гэтых учынкаў міласціна, якую даём убогім, з’яўляецца адным з асноўных сведчанняў братэрскай любові; яна з’яўляецца таксама практыкаваннем справядлівасці, якая падабаецца Богу.

Ёсць 14 учынкаў міласэрнасці: адносна цела і адносна душы.

Учынкі міласэрнасці для душы бліжняга

  1. Настаўляць грэшнікаў.
  2. Вучыць тых, хто не ведае.
  3. Раіць тым, хто сумняваецца.
  4. Суцяшаць засмучаных.
  5. Зносіць цярпліва знявагу.
  6. Дараваць ахвотна крыўду.
  7. Маліцца за жывых і памерлых.

Учынкі міласэрнасці для цела бліжняга

  1. Накарміць галодных.
  2. Напаіць сасмаглых.
  3. Адзець нагіх.
  4. Прыняць у дом падарожных.
  5. Адведваць хворых.
  6. Суцяшаць вязняў.
  7. Пахаваць памерлых.


Учынкі міласэрнасці адносна цела былі ў большасці названы самім Панам Езусам пры апісанні Апошняга Суду (пар. Мц 25, 31-46).

Спіс учынкаў міласэрнасці адносна душы быў узяты з тэкстаў Святога Пісання і з дзеянняў і вучэння самога Хрыста: прабачэнне, суцяшэнне, цярплівае знясенне знявагі.

Здзяйсненне ўчынкаў міласэрнасці выклікае ласкі для таго, хто іх робіць. У Евангеллі паводле Лукі Езус кажа: «Давайце, і будзе дадзена вам» (Лк 6, 38). Таму праз учынкі міласэрнасці мы рэалізуем Божую волю, даём штосьці ад сябе іншым, і Бог абяцае, што і нам удзеліць тое, у чым мы будзем мець патрэбу.

Справы міласэрнасці дапамагаюць нам ісці шляхам, які вядзе ў неба, бо робяць нас падобнымі да Езуса, які асабіста паказаў, якімі павінны быць нашы паводзіны адносна іншых.

Учынкі міласэрнасці — наш абавязак. На аснове іх мы будзем асуджаныя. Калі Сын Чалавечы прыйдзе ў другі раз, адзінае пытанне, якое мы пачуем ад Бога, будзе датычыць любові да бліжняга (Мц 25, 31-46). Каб за міласэрныя ўчынкі атрымаць вечную ўзнагароду, яны павінны адпавядаць пэўным умовам, а менавіта: іх трэба спаўняць у чыстай інтэнцыі, ахвотна, нястомна і не зважаючы, каму канкрэтна іх аказваем.

П'ер Мантальер: Учынкі міласэрнасці, 1680 год

Нам трэба адкрыць вочы, умець паглядзець вакол і распазнаваць тыя заклікі, якія кіруе да нас Бог праз тых, хто нас акружае. Мы не можам паварочвацца спіной да людзей, замкнуцца ў сваім маленькім свеце. Езус жыў не так. Евангелле шмат разоў кажа нам пра Яго міласэрнасць, уменне спачуваць іншым у іх цярпенні і патрэбах: Ён літуецца над удавой з Наіна, плача з прычыны смерці Лазара, клапоціцца аб натоўпе, які ідзе за Ім і ў якога няма ежы, літуецца таксама найперш над грэшнікамі, якія ідуць праз жыццё, не ведаючы святла і праўды.

Заахвочаныя прыкладам Езуса, будзем рабіць дабро іншым. Нагодаў да ўчынкаў міласэрнасці, напэўна, у нас будзе дастаткова, патрэбна толькі агледзецца вакол і пашукаць тых, хто знаходзіцца ў патрэбе.

Варта пажадаць, каб у час Вялікага посту мы спадарожнічалі іншым людзям, каб ніхто не быў самотным і не адчуваў сябе такім і каб мы адорвалі іх сардэчнасцю і цеплынёй.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

Сачыце за абнаўленнямі ў гэтай рубрыцы

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.