Учынак міласэрнасці для цела бліжняга: суцяшаць вязняў |
Усяго патроху |
19.03.2016 00:00 |
Канкрэтнай праявай гэтай Божай любові з’яўляецца ахвяра Езуса на крыжы – для збаўлення кожнага чалавека. “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16). Добра і прыемна асэнсоўваць такую вялікую любоў Бога да мяне асабіста. Асабліва тады, калі змагаюся са сваімі грахамі і недасканаласцямі. Але не раз нам можа быць цяжка згадзіцца з такой любоўю Бога да тых, хто пакрыўдзіў мяне ці маіх блізкіх. Не раз можа быць цяжка зразумець і згадзіцца з тым, што Бог аднолькава любіць усіх, нават тых альбо асабліва тых, хто згубіўся ў сваім жыцці. Любоў Бога да мяне здзейснілася і аб’явілася праз крыжовую ахвяру Ягонага Сына на крыжы. Таму Касцёл і заахвочвае, каб і мая любоў знайшла сваё праяўленне ў канкрэтных учынках – учынках міласэрнасці. Між іншым, каб знайсці час і жаданне падзяліцца гэтай любоўю з вязнямі – тымі, хто сам хутка не прыйдзе да Бога. Кс. Юрый Пракапюк |