Учынaк міласэрнасці для цела бліжняга: пахаваць памерлых |
Усяго патроху |
22.03.2016 00:00 |
Аказваецца, яшчэ нават да з’яўлення сучаснага чалавека (“homo sapiens”) сярод дагістарычных пра-людзей ужо ўзнікала жаданне правесці пахаванне прыгожа, зрабіць яго адметным. Праз ушанаванне цела памерлага ўшаноўвалася яго асоба і памяць аб ёй. Культура пахавання памерлых мае глыбокія і вельмі старажытныя карані. Людзі самых розных рэлігій і культур ва ўсе часы падсвядома адчувалі неабходнасць ушанаваць чалавека і месца яго пахавання. Яны нібыта прадчувалі, што за ўсім гэтым крыецца нейкая вельмі важная таямніца, якая для іх застаецца схаванай. Хрысціянства прынесла неверагоднае па сваёй велічы і прыгажосці разуменне важнасці чалавечага цела і неабходнасці вялікай пашаны да яго як пры жыцці, так і пасля смерці. “Caro salutis est cardo” (“цела – гэта аснова збаўлення”), – пісаў святы Тэртуліян у ІІ ст. (De resurrection carnis, 8, 2). Хрысціянства разглядае чалавека як непадзельную еднасць душы і цела. Няма чалавека без цела. Таму разбіццё гэтага адзінства і знішчэнне цела прыводзіць да смерці. Чалавек памірае. Каб яго вярнуць, ягонай несмяротнай душы неабходна даць цела. Таму Бог яго ўваскрашае, каб даць магчымасць паўстаць з мёртвых. Сам факт таго, што Бог стаў чалавекам (уцелавіўся), нарадзіла тэалогію цела, захапленне таямніцай узвышэння (абагаўлення) чалавечай прыроды і цялеснасці ў Хрысце. Сын Божы аддаў жыццё за людзей і адкупіў іх праз Муку, Смерць і Уваскрасенне ў чалавечым целе. Ён застаўся сярод вернікаў у сакрамэнце Эўхарыстыі, каб напаўняць іх ласкамі праз прыняцце Яго Цела і Крыві. Вялікая тэалогія годнасці цела не магла не адбіцца на выглядзе хрысціянскага пахавання і могілак. Зыходзячы з такой веры, чалавек не мог здзеквацца над іншым целам, за якое Езус аддаў жыццё. Не мог хрысціянін пакінуць цела на зганьбаванне драпежнікамі, на зневажанне. Наадварот, каб падкрэсліць веліч і годнасць, якою Хрыстус надзяліў нашае цела, хрысціяне дбаюць аб годным пахаванні. А месца пахавання імкнуцца адзначыць так, каб заахвоціць іншых да малітвы аб яго збаўленні. Нездарма на каталіцкай магіле заўсёды можна знайсці крыж, нейкі святы вобраз, цытату з Бібліі або проста малітву. Кс. Андрэй Рылка |