Бэнэдыкт XVI падкрэсліў непаўторнасць святарскага паклікання і каштоўнасць цэлібату |
Святы Айцец |
12.03.2010 17:34 |
12 сакавіка 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю ўдзельнікам тэалагічнага кангрэса, арганізаванага Кангрэгацыяй па справах Духавенства ў Латэранскім універсітэце ў Рыме. Больш за 50 біскупаў і каля 500 святароў прымаюць удзел у мерапрыемстве, якое праходзіць пад назвай «Вернасць Хрыста, вернасць святара». Гаворачы аб асаблівасці святарскага паклікання, Папа адзначыў, што ў наш час, для якога характэрны анархізм, а ўсялякая адметнасць прызнаецца як варожая ў адносінах да свабоды і дэмакратыі, важным з’яўляецца ўсведамленне тэалагічнай спецыфікі святарскага служэння. Гаворка ідзе пра тое, каб не падводзіць гэтае служэнне пад дамінуючыя культурныя катэгорыі і не забываць, што святар — гэта чалавек sacrum, пастаўлены Богам, а не людзьмі, узяты са свету, каб заступацца за яго. У сувязі з гэтым, па словах Пантыфіка, небяспечна разумець святара як «грамадскага працаўніка», таму што такое разуменне пагражае здрадай самому Святарству Хрыста. Разуменне святарства, дадаў Папа, паходзіць ад Езуса з Назарэта і падмацоўваецца «двухтысячнай гісторыяй велічы і святасці, культуры і пабожнасці, запісанай святарствам». |