Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI падкрэсліў непаўторнасць святарскага паклікання і каштоўнасць цэлібату
Святы Айцец
12.03.2010 17:34

12 сакавіка 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю ўдзельнікам тэалагічнага кангрэса, арганізаванага Кангрэгацыяй па справах Духавенства ў Латэранскім універсітэце ў Рыме. Больш за 50 біскупаў і каля 500 святароў прымаюць удзел у мерапрыемстве, якое праходзіць пад назвай «Вернасць Хрыста, вернасць святара».

Гаворачы аб асаблівасці святарскага паклікання, Папа адзначыў, што ў наш час, для якога характэрны анархізм, а ўсялякая адметнасць прызнаецца як варожая ў адносінах да свабоды і дэмакратыі, важным з’яўляецца ўсведамленне тэалагічнай спецыфікі святарскага служэння. Гаворка ідзе пра тое, каб не падводзіць гэтае служэнне пад дамінуючыя культурныя катэгорыі і не забываць, што святар — гэта чалавек sacrum, пастаўлены Богам, а не людзьмі, узяты са свету, каб заступацца за яго.

У сувязі з гэтым, па словах Пантыфіка, небяспечна разумець святара як «грамадскага працаўніка», таму што такое разуменне пагражае здрадай самому Святарству Хрыста. Разуменне святарства, дадаў Папа, паходзіць ад Езуса з Назарэта і падмацоўваецца «двухтысячнай гісторыяй велічы і святасці, культуры і пабожнасці, запісанай святарствам».

Падкрэсліваючы прароцкую харызму святароў, Бэнэдыкт XVI адзначыў, што сёння надзвычай патрэбны душпастыры, якія маглі б «гаварыць свету пра Бога і прадстаўляць Богу свет, людзей, якія не падпарадкоўваюцца мімалётным культурным модам, здольных да аўтэнтычнага жыцця той свабодай, якую можа даць толькі ўпэўненасць у прыналежнасці да Бога».

Папа заахвоціў святароў супрацьстаяць дамінуючай сёння ментальнасці, чэрпаючы сілы «са сваёй сакрамэнтальнай прыналежнасці, з глыбіні сваёй сутнасці». Анталагічная прыналежнасць Богу, як падкрэсліў Пантыфік, стварае адпаведныя рамкі для разумення каштоўнасці цэлібату, які патрабуецца ў Каталіцкім Касцёле для прыняцця сакрамэнту святарства. Цэлібат, як дадаў Папа, з’яўляецца «сапраўдным прароцтвам Божага Валадарства, знакам прысвячэння сябе непадзельным сэрцам Пану і справам Пана, праявай аддання сябе Богу і людзям».

Святы Айцец заклікаў святароў, нягледзячы на сваю абмежаванасць і слабасці, перажываць пакліканне як каштоўны дар, які трэба берагчы. «Бескампраміснае прароцкае жыццё, якім мы служым Богу і свету, абвяшчаючы Евангелле і цэлебруючы сакрамэнты, будзе спрыяць надыходу Божага Валадарства, якое існуе ўжо зараз, і ўзрастанню Божага люду ў веры», — сцвердзіў Бэнэдыкт XVI.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.