Папскае пасланне на 70-годдзе супольнасці ў Тэзэ і 5-годдзе смерці яе заснавальніка |
Святы Айцец |
12.08.2010 11:57 |
«Брат Ражэ даў сведчанне экуменізму святасці. Няхай яно будзе для нас натхненнем на шляху да еднасці», — адзначаецца ў пасланні Святога Айца Бэнэдыкта XVI экуменічнай супольнасці ў Тэзэ (Францыя) з нагоды 70-й гадавіны яе стварэння і 5-й гадавіны смерці стваральніка супольнасці, брата Ражэ. Ад імя Папы пасланне накіраваў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ. «Як нястомны сведка Евангелля міру і паяднання, — піша ў пасланні кардынал Бэртонэ, — брат Ражэ быў промнем на цяжкім шляху да еднасці вучняў Хрыста. 70 год таму ён заснаваў супольнасць, да якой і сёння прыбывае моладзь з усяго свету, шукаючы сэнс свайго жыцця. Супольнасць прымае іх з малітвай і дапамагае ім усталяваць асабістыя адносіны з Богам». Як заўважыў іерарх, брат Ражэ, які ўжо ўвайшоў да вечнай радасці, і сёння прамаўляе да нас. «Няхай ваша супольнасць і далей жыве яго харызмай і выпраменьвае яе на іншых, асабліва на маладыя пакаленні», — гаворыцца ў пасланні. «Святы Айцец моліцца аб Божым благаслаўленні як для братоў з супольнасці ў Тэзэ, так і для тых, якія разам з вамі імкнуцца да еднасці вучняў Хрыста, асабліва маладых», — запэўнівае кардынал Бэртонэ. |