Бэнэдыкт XVI падзякаваў Богу за 60 год святарства |
Святы Айцец |
29.06.2011 13:21 |
На значэнне святарства як сяброўскай сувязі з Хрыстом і вопыт Божай любові, які натхняе абвяшчаць Евангелле па ўсім свеце, звярнуў увагу Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас святой Імшы 29 чэрвеня 2011 г, ва ўрачыстасць свв. Пятра і Паўла. У гаміліі Пантыфік звярнуўся таксама да 60-годдзя святарства, якое сёння ён адзначае. Святы Айцец уручыў паліі сарака новым арцыбіскупам. Імшу Папа цэлебраваў з імі і ста кардыналамі, прысутнічалі на ёй таксама прадстаўнікі Канстанцінопальскага Патрыярхату. У гаміліі Папа ўзгадаў словы, прамоўленыя арцыбіскупам Мюнхена да новапрэзбітараў 60 гадоў таму, які казаў, што цяпер яны з’яўляюцца не слугамі, а прыяцелямі Хрыста. Менавіта Хрыстус прымае святароў у кола тых, каго добра ведае і хто асаблівым чынам Яго пазнае. «Хрыстус жадае, каб я з Яго паўнамоцтва мог выказваць са сваім „я“ слова, якое з’яўляецца не толькі словам, але і чынам, якое робіць перамены ў глыбіні існавання», — адзначыў Святы Айцец. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што сяброўства, якім адорвае нас Бог, азначае, што мы таксама павінны няспынна старацца пазнаваць Яго лепш. «Дапамажы мне, Пане, з кожным разам станавіцца ўсё лепшым тваім сябрам!» — адзначыў Папа. |