Бэнэдыкт XVI да ўдзельнікаў форуму ў Асізі: давайце працягнем аднаўляць сябе на шляху, які вядзе да ісціны |
Святы Айцец |
28.10.2011 13:49 |
Бэнэдыкт XVI адзначыў, што у пэўным сэнсе асізская сустрэча стала адлюстраваннем імкнення мільярдаў мужчын і жанчын ва ўсім свеце да барацьбы за справядлівасць і мір. «Гэта таксама знак сяброўства і братэрства, што заквітнеў як плён высілкаў шматлікіх піянераў такога тыпу дыялога», — прыводзіць словы Папы Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Выказваючы падзяку ўдельнікам форуму, якія «раздзялілі гэтую пілігрымку», каб «пабудаваць лепшы свет», Святы Айцец адзначыў: «Падарожжа духа заўсёды з’яўляецца падарожжам міру». Падобныя сустрэчы, як падкрэсліў Пантыфік, дастаткова выключныя і рэдкія, але «яны з’яўляюцца яркім выразам таго факту, што кожны дзень у нашым свеце людзі розных рэлігійных традыцый жывуць і працуюць разам у гармоніі». «Мы ідзём кожны сваёй дарогай, але давайце чэрпаць сілы з гэтага вопыту і, дзе б мы ні былі, давайце працягнем аднаўляць сябе на шляху, які вядзе да ісціны, у пілігрымаванні, якое вядзе да міру», — падсумаваў Святы Айцец. На міжрэлігійнай асамблеі ў Асізі прысутнічалі пасланцы 31 хрысціянскай супольнасці, дэлегаты нацыянальных біскупскіх канферэнцый, Патрыярхі і архірэі Усходніх Цэркваў, дэлегацыя англіканскай супольнасці на чале з арцыбіскупам Кентэрберыйскім Роўэнам Уільямсам. У вялікай групе прадстаўнікоў Праваслаўных Цэркваў знаходзіўся Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей I. У складзе дэлегацыі Маскоўскага Патрыярхата быў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У форуме прыняло ўдзел 170 прадстаўнікоў розных нехрысціянскіх рэлігій — юдэі, мусульмане, індуісты, сікхі, будысты, канфуцыянцы, сінтаісты, а таксама прадстаўнікі традыцыйных вераванняў Афрыкі, Аўстраліі і Амерыкі. |